Помнік Даўману Ансу Эрнеставічу. Шумілінскі раён, г. п. Обаль
- Подробности
- Створана 25.06.2020 15:23
- Адноўлена 25.06.2020 12:01
Помнік Даўману Ансу Эрнеставічу знаходзіцца ў г. п. Обаль на вуліцы Піянерскай, каля мясцовай школы.
Помнік А. Э. Даўману (скульптар В. Доўнар; бетон; вышыня бюста 1,1 м, прафіляванага пастамента – 2 м) пастаўлены ў 1969 годзе. Трактоўка вобраза абагульненая. Бюст быццам выразаны з суцэльнага каменю. Дэталі адзення (будзёнаўка, каўнер шчыльна зашпіленага шыняля) падкрэсліваюць характэрныя прыкметы часоў Грамадзянскай вайны, нагадваюць гераічныя дні барацьбы за Савецкую ўладу. Галоўная ўвага канцэнтруецца на суровым твары, які ўдала перадае партрэтнае падабенства героя. Асіметрычна трактаваныя, наўмысна буйныя, рэзкія застылыя зрэзы з'яўляюцца кантрастным фонам спакойнай пластыкі твару. У скульптуры адчуваецца стрыманая гармонія аб'ёмаў, выразнасць кампазіцыйнай задумы.
ЛІТАРАТУРА
1. Кобля, Г. П. Помнік Даўману Ансу Эрнеставічу (г. п. Обаль) / Г. П. Кобля, М. М. Яніцкая // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 471.