Помнік у гонар Обальскага камсамольскага падполля. Шумілінскі раён, г. п. Обаль
- Подробности
- Створана 25.06.2020 15:23
- Адноўлена 25.06.2020 12:03
У гады Вялікай Айчыннай вайны з пачатку 1942 па жнівень 1943 гг. дзейнічала Обальская падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы» (каля 40 чалавек). Створана па ініцыятыве Сіроцінскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ з камсамольцаў і моладзі п. Обаль, вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма.
У чэрвені 1942 года падпольшчыкамі быў выбраны камсамольскі камітэт: Е. С. Зянькова (сакратар), М. С. Дзяменцьева, У. I. Езавітаў, I. В. Езавітаў, Я. Я. Езавітаў, М. П. Лузгіна, 3. М. Партнова, Н. А. Азоліна, В. М. Шашкова. Дзейнасцю «Юных мсціўцаў» кіравалі Сіроцінскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. За час існавання арганізацыі камсамольцы правялі 21 дыверсію: узарвалі вадакачку, тры матавозы, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, спалілі льнозавод, некалькі мастоў, знішчылі каля 10 аўтамашын. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі пра дыслакацыю варожых войск, вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. Летам 1943 года арганізацыя налічвала 38 чалавек і была падзелена на 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую, Ушальскую.
Гітлераўцы рабілі ўсё магчымае, каб натрапіць на след падпольшчыкаў. У жніўні 1942 года яны арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі А. П. і М. П. Лузгіных, потым – Н. М. Давыдаву. 26 жніўня 1943 года па даносе правакатара частка падпольшчыкаў была арыштавана і вывезена ў г. п. Шуміліна. Пасля жорсткіх катаванняў камсамольцаў перавезлі ў Баравуху (каля Полацка). Тут 5 лістапада былі расстраляны У. I. і Я. Я. Езавітавы, Ф. Ф. Слышанкоў, М. П. Аляксееў, Д. С. і М. С. Хрыбценкі, 6 лістапада – Н. А. Азоліна, 3. Д. Лузгіна і маці Е. С. Зяньковай Марфа Аляксандраўна. Пазней загінулі М. С. і Н. С. Дзяменцьевы, 3. М. Партнова, В. М. Шашкова. Падпольшчыкі, якія пазбеглі арышту, змагаліся ў партызанскіх атрадах да канца вайны. За адвагу і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, многія падпольшчыкі камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, Е. С. Зяньковай і 3. М. Партновай прысвоена званне «Герой Савецкага Саюза».
У 1968 годзе ў г. п. Обаль, справа ад шашы Гарадок – Невель, у гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнік (скульптар Я. Печкін; бетон; вышыня 6 м) – стэла няправільнай формы, на якой размешчаны чатырохфігурны рэльеф з профільнымі выявамі юнакоў і дзяўчат. Разнастайныя адценні драматычных перажыванняў, рашучы і гнеўны выраз твараў перададзены выразнай лініяй. Вобразная кампазіцыя падкрэслівае сілу духу савецкай моладзі, якая стала на шлях барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1965 годзе ў г. п. Обаль створаны музей камсамольскай славы.
ЛІТАРАТУРА
1. Кірэйшын, М. В. Помнік у гонар Обальскага камсамольскага падполля (г. п. Обаль) / М. В. Кірэйшын, Л. Т. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 471–472.