Стэла ў гонар байцоў і камандзіраў 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Шумілінскі раён, в. Бокішава
- Подробности
- Створана 25.06.2020 15:23
- Адноўлена 25.06.2020 12:33
Вясной 1944 года войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту пачалі рыхтавацца да ўдзелу ў Беларускай наступальнай аперацыі. Яны павінны былі нанесці галоўны ўдар сіламі 6-й гвардзейскай арміі (камандуючы – генерал-лейтэнант І. М. Чысцякоў), 43-й арміі (камандуючы – генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў) і 1-га танкавага корпуса (камандуючы – генерал-лейтэнант танкавых войск В. В. Буткоў) пры падтрымцы 3-й паветранай арміі (камандуючы – генерал-лейтэнант Н. Ф. Папівін) у напрамку Сіроціна – Шуміліна – Бешанковічы, фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і ва ўзаемадзеянні з часткай сіл 3-га Беларускага фронту разграміць віцебска-лепельскую групоўку праціўніка. Дзеянні франтоў каардынаваў прадстаўнік Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршал Савецкага Саюза А. М. Васілеўскі.
22 чэрвеня 1944 года была паспяхова праведзена разведка боем. Пераважнай частцы батальёнаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, удалося ўварвацца ў першую, а месцамі і ў другую траншэю праціўніка. Найбольшага поспеху дабіўся 22-і гвардзейскі стралковы корпус (камандуючы – генерал-маёр А. І. Ручкін), які ўклініўся ў абарону праціўніка на 6 км.
Раніцай 23 чэрвеня 1944 года пасля артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі галоўныя сілы фронту перайшлі ў наступленне. За дзень яны прасунуліся на 15 км, вызвалілі Шуміліна.
24 чэрвеня 6-я гвардзейская і 43-я арміі падыйшлі да Заходняй Дзвіны, фарсіравалі яе і авалодалі плацдармамі на паўднёвым беразе.
Стэла, якая сведчыць пра гэту памятную дату, стаіць на беразе Заходняй Дзвіны ў в. Бокішава Шумілінскага раёна.
СПАСЫЛКІ