Комплекс мемарыяльны «Бессмяроцце». Гарадоцкі раён, г. Гарадок
- Подробности
- Створана 07.04.2020 09:34
- Адноўлена 07.07.2020 14:16
Мемарыяльны комплекс «Бессмяроцце» знаходзіцца ў Гарадку. Тут пахавана больш 5 тыс. савецкіх воінаў, загінуўшых у баях за вызваленне горада і раёна. Сярод пахаваных: Героі Савецкага Саюза – А. І. Дыдышка, П. П. Зюбін, В. А. Талкачоў – і генерал-маёр М. М. Каржанеўскі.
У 1974 годзе на вайсковых могілках створаны мемарыяльны комплекс (архітэктары: Ю. Градаў, Л. Левін, С. Наўмывакін, скульптар Ю. Патапаў). Размешчаны на прамавугольным участку, мае сіметрычна-восевую планіроўку. Абапал цэнтральнага ўвахода пастаўлены абліцаваныя мармуровымі плітамі стэлы – выцягнутыя па гарызанталі паралелепіпеды з урэзанымі ў іх жалезабетоннымі клінамі з памятнымі надпісамі. У цэнтры вымашчаны паліраванымі мармуровымі плітамі невысокі квадратны подыум, на якім скампанавана пяціканцовая зорка. У цэнтры зоркі – Вечны агонь. На адным з 4 вуглоў подыума пастаўлены невысокі каменны блок. Такой жа формы каменныя блокі ўстаноўлены ўздоўж прамавугольных газонаў мемарыяла.
Комплекс завершаны ўстаноўленым на чатырохгранным пастаменце бронзавым бюстам камандзіра 26-й гвардзейскай Усходне-Сібірскай стралковай дывізіі гвардыі генерал-маёра М. М. Каржанеўскага.
ЛІТАРАТУРА
1. Адкрыццё мемарыяла-помніка бессмяротнасці ў Гарадку // Прамень камунізму (Гарадок). – 1974. – 2 ліп. – С. 2.
2. Леднович, В. Покоиться у Вечного огня / В. Леднович // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 15 кастр. – С. 1.
3. Мемарыяльны комплекс на вайсковых могілках // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 203.
4. Якаўлева, С. Застаёмся вернымі памяці / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 27 снеж.– С. 1.
5. Якаўлева, С. Набліжаецца пераможны май / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2015. – 28 крас. – С. 3.