Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў. Гарадоцкі раён, г. Гарадок
- Подробности
- Створана 07.04.2020 09:34
- Адноўлена 07.07.2020 14:50
Знаходзіцца ў Гарадку на вуліцы Баграмяна.
У ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі часці 11-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту 24 снежня 1943 года вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў г. Гарадок. У баях за горад прымалі ўдзел воіны 2-й гвардзейскай мінамётнай дывізіі. У ліку 12 воінскіх часцей, якія вызначыліся ў гэтых баях, ёй прысвоена ганаровае званне «Гарадоцкая».
У 1983 годзе да 40-годдзя з дня вызвалення Гарадка ў гонар воінаў 2-й гвардзейскай Чырванасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага Гарадоцка-Берлінскай мінамётнай дывізіі вучнямі школы № 703 г. Масквы быў распрацаваны праект помніка, усталяваны помнік у гэтым жа годзе.
Помнік – асіметрычная кампазіцыя, дамінантай якой з'яўляецца вертыкальная стэла з рэльефнымі выявамі ордэнаў Чырвонага Сцяга і Аляксандра Неўскага. На другім плане – гарызантальная бетонная панэль са стылізаванай рамай ракетнай устаноўкі, мемарыяльнай дошкай-прысвячэннем, выявамі зоркі і ордэнскай ленты.
ЛІТАРАТУРА
1. Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 204.