Бюст Машэрава Пятра Міронавіча. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 10:29
- Адноўлена 11.11.2021 10:45
Бюст Пятра Міронавіча Машэрава знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Пушкіна ў Віцебску. Аўтары помніка – скульптар З. Азгур, архітэктар Ю. Казакоў. Урачыстае адкрыццё бюста адбылося 18 лістапада 1980 года, на якім прысутнічалі першы сакратар ЦК КПБ Ц. Я. Кісялёў, гарадское і абласное кіраўніцтва, удава П. М. Машэрава Паліна Андрэеўна, а таксама жыхары Віцебска, дэлегацыі працоўных прамысловых прадпрыемстваў і калгасаў Віцебскага і іншых раёнаў.
Пётр Міронавіч Машэраў нapaдзіўся 26 лютага 1918 года ў в. Шыркі Сенненскага раёна, партыйны i дзяржаўны дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кipaўнікоў патрыятычнага падполля i партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Герой Савецкага Саюза (1944). Герой Сацыялістычнай Працы (1978).
У 1934–1939 гг. Пётр Міронавіч вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Пасля яго заканчэння выкладаў фізіку i матэматыку ў Расонскай сярэдняй школе. Як кіраўнік камуністычнай партыі Беларусі, на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ Пётр Міронавіч знаходзіўся з 1965 па 1980 гг., неаднаразова наведваў Віцебшчыну з афіцыйнымі візітамі. Самы вядомы з іх – візіт у Віцебск у дні святкавання 1000-годдзя горада, калі горад быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У перыяд яго кіраўніцтва БССР дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік былога СССР.
П. М. Машэраў загінуў у аўтакатастрофе 4 кастрычніка 1980 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Яго iмем названы праспект у Мінску, вуліцы ў Глыбокім, Давыд-Гарадку, Жыткавічах, Маладзечне, Лідзе, Дзятлаве, Краснаполлі i іншых населеных пунктах Беларусі.
У Віцебску, акрамя помніка, памяць пра наша знакамітага земляка і выпускніка цяперашняга Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (носіць яго імя) увекавечана мемарыяльнай дошкай ля цэнтральнага ўвахода ў навучальную ўстанову. Ва ўніверсітэце дзейнічае музей Пятра Міронавіча Машэрава.
ЛІТАРАТУРА
1. Бюст П. М. Машерова // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 30.
2. Бынькоў, А. Ад Вялікай да Замкавай / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 13 февр. – С. 11.
3. Машерову П. М. памятник // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 232–233.
4. Открытие бюста П. М. Машерова // Советская Белоруссия. – 1980. – 19 нояб. – С. 1, 3.
5. Петрашкевіч, А. Л. Помнік Машэраву / А. Л. Петрашкевіч, Л. Г. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 79–80.