Помнік князю Альгерду. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 11:08
- Адноўлена 11.11.2021 11:09
Помнік вялікаму князю літоўскаму, віцебскаму Альгерду – першы і адзіны помнік у Беларусі – быў усталяваны ў Віцебску ў 2014 годзе. Паводле летапісных звестак перш, чым стаць вялікім князем літоўскім (1345–1377) Альгерд, сын Гедыміна, княжыў у Віцебску (1320–1345). Ён ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Праявіў сябе як таленавіты палітык і палкаводзец. Яго дзейнасць была накіравана на ўмацаванне і развіццё горада. Віцебск быў абнесены мураванымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі. Каменнымі сценамі з абарончымі вежамі былі ўмацаваны Ніжні і Верхні замкі. За перыяд княжання Альгерда горад пераўтварыўся ў важны фарпост Вялікага княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах.
Ідэя ўсталяваць помнік князю Альгерду ўзнікла яшчэ ў 2010 годзе. Конкурс на лепшую мадэль помніка выйграў скульптар В. Магучы. У 2011 годзе побач з Ратушнай плошчай насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы ўсталявалі пастамент для будучай кампазіцыі. Але першы варыянт помніка не зацвердзіла Міністэрства культуры Беларусі. У выніку гэту працу даручылі мінскаму скульптару С. Бандарэнку, які стварыў помнік па ўласным эскізе, хоць прынцыповага адрознення ад першага варыянта там не было.Пры гэтым прыйшлося павялічыць сам пастамент для помніка, бо папярэдні варыянт скульптуры быў меншы.
Помнік з выявай велічнага вершніка на кані выкананы з бронзы, а ўнутры яго знаходзіцца металічны сілавы каркас. Скульптурную кампазіцыю адлівалі на прадпрыемстве «Тэхналіт» у Полацку. Манумент важыць каля 3,5 т, вышыня скульптуры складае 3,6 м, пастамента – 2,8 м. Помнік арыентаваны на ўсход і паказвае вялікага князя літоўскага і віцебскага Альгерда ў баявых даспехах, але з непакрытай галавой. Конь пад князем ідзе алюрам. На запясці выцягнутай правай рукі князя, пальцы якой сабраны ў жэст, сядзіць гатовы ўзмахнуць крыламі і ўзляцець сокал – сімвал княжацкай улады, гонару і годнасці. Бронзавы коннік выглядае велічна і грацыёзна.
Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 27 чэрвеня 2014 года падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска.
ЛІТАРАТУРА
1. Альгерд паселіцца ў Віцебску / падрыхт. Н. Пякарская // Культура. – 2013. – 6 крас. – С. 3.
2. Варонін, В. А. Княжанне Альгерда ў Віцебску / В. А. Варонін // Беларускі гістарычны часопіс. – 2013. – № 7. – С. 4–14.
3. Голесник, С. Ольгерд на ул. Суворова / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2014. – 27 июня. – С. 6.
4. Дашкевич, В. О князе Ольгерде и нашей истории / В. Дашкевич // Витебский проспект. – 2014. – 3 июля. – С. 2.
5. Дединкина, С. Возвращение князя Ольгерда, основателя витебских замков: шесть аргументов в пользу установки памятника легендарному всаднику / С. Дединкина // Народнае слова. – 2013. – 21 мая. – С. 3.
6. Кожан, К. Помніку князю Альгерду – быць / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 8 жн. – С. 5 ; 15 жн. – С. 5 ; 22 жн. – С. 5 ; 29 жн. – С. 5 ; 5 верас. – С. 5.
7. Крупица, Н. Князь вернулся в бронзе / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 28 июня. – С. 1.
8. Пастернак, Т. Быть ли памятнику Ольгерду? / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2012. – 17 сак. – С. 5.
9. Пастернак, Т. Великое завтра у града сего! / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2014. – 28 июня. – С. 1, 6.
10. Пукшанскі, А. Вольга, Альгерд, Аляксандр: што іх яднае? / А. Пукшанскі // Звязда. – 2013. – 9 ліп. – С. 6.
11. Раманчук, С. Упрыгожыў абласны цэнтр / С. Раманчук // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 10 ліп. – С. 2.
12. У Віцебску ўстановяць помнік вялікаму князю Альгерду Гедымінавічу // Настаўніцкая газета. – 2013. – 5 студз. – С. 10.
13. «Сей Ольгерд очень умный был» / подгот. Т. Пастернак // Витебские вести. – 2014. – 24 июня. – С. 3.
14. Ярошевский, И. Ольгерд вернулся в Витебск! / И. Ярошевский // Витебский проспект. – 2010. – 29 апр. – С. 3.