Помнік Махнову Фёдару. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 11:50
- Адноўлена 11.11.2021 11:50
Помнік «Віцебскі волат» усталяваны 20 чэрвеня 2018 года ў Віцебску ў скверы Маякоўскага побач з Ратушай. Прататыпам бронзавай скульптуры стаў «віцебскі Гулівер» Фёдар Махноў, які нарадзіўся ў 1878 годзе ў в. Касцюкі пад Віцебскам. Па некаторых дадзеных яго максімальны рост складаў 285 см. Даўжыня яго ступні была – 51 см, даўжыня далоні – 31 см, важыў ён 182 кг і быў надзвычай моцны. Выступаючы ў цырку, падарожнічаў па свеце. Памёр ва ўзросце 34 гадоў. Яго неафіцыйна лічаць самым высокім чалавекам на зямлі.
Заказчыкам помніка выступіла Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка, аўтарам – віцебскі скульптар Іван Казак. Створана кампазіцыя на сродкі, атрыманыя ў ходзе правядзення гарадскіх суботнікаў. Скульптура выканана ў поўны рост волата. Вышыня скульптуры ў цыліндры – 3 м 12 см. Для маштабу аўтар інсталяцыі размясціў побач з «Гуліверам» венецыянскае крэсла, якое волату толькі па калена. Меркавалася, што Фёдар як бы прапануе сваёй жонцы Ефрасінні прысесці ў крэсла, але жаночай фігуры побач няма, а на спінцы крэсла сядзіць бронзавы шпак. Кожны жадаючы можа заняць месца ў крэсле і адчуць розніцу ў росце. Побач з помнікам знаходзіцца валун, на якім ўсталявана шыльда, дзе размешчана інфармацыя пра Фёдара Махнова. «Віцебскі волат» – мастацкая інтэрпрэтацыя рэальнага вобраза, але вельмі падобная на прататып, асабліва калі паглядзець на фота, дзе Фёдар яшчэ малады.
Адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі «Віцебскі волат» адбылося 23 чэрвеня 2018 года і было прымеркавана да Дня горада. Яно стала своеасаблівым падарункам Віцебску. Таксама ў гэтым годзе споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Ф. Махнова. Акцёры маладзёжнага тэатра «Кола» і музыканты аркестра Віцебскага музычнага дзяржаўнага каледжа імя І. І. Салярцінскага правялі адкрыццё ў жанры шоу «Бурлеск». Музыкі з трамбонамі, акцёры на хадулях, незвычайны фокуснік стварылі вакол цырымоніі адкрыцця помніка незвычайную атмасферу.
ЛІТАРАТУРА
1. Ларина, Т. Великан из Костюков «поселился» в городском сквере Маяковского / Т. Ларина // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2018. – 26 чэрв. – С. 3.
2. Медвецкая, Е. Витебский великан: кто он такой? / Е. Медвецкая // Витебские вести. – 2018. – 21 июля. – С. 15.
3. Наумова, А. Самый высокий / А. Наумова // СБ. Беларусь сегодня. – 2018. – 21 июня. – С. 10.
4. Открытие скульптуры // Твой город (Витебск). – 2018. – 21 июня. – С. 3.
5. Партолина, Н. Белорусу поставят памятник как самому высокому человеку в мире / Н. Партолина // Комсомольская правда. – 2012. – 19 янв. – С. 10.
6. Пастернак, Т. С. Примерить ботинок великана / Т. С. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 7 дек. – С. 13.
7. Пастернак, Т. С. Увековечат великана / Т. С. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 2 июня. – С. 11.