Мост імя Блахіна Фёдара Цімафеевіча. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 15:28
- Адноўлена 11.11.2021 15:28
Мост імя Фёдара Цімафеевіча Блахіна праходзіць праз р. Заходняя Дзвіна, па вуліцы Дзімітрава ў Віцебску. Ён быў пабудаваны ў 1934 годзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні горада мост быў замініраваны фашысцкімі захопнікамі, але выратаваны ад узрыву байцамі сапёрнага ўзвода на чале з Ф. Ц. Блахіным. Гэта адбылося ў ноч на 26 чэрвеня 1944 года, калі часці 158-й стралковай дывізіі 39-й арміі фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і ўварваліся ў цэнтр Віцебска. Гітлераўцы знішчылі ў горадзе ўсе масты цераз Заходнюю Дзвіну, пакінулі для пераправы сваіх войск толькі адзін, але і яго падрыхтавалі да ўзрыву. Група байцоў (12 чалавек) сапёрнага ўзвода 875-га палка на чале са старшым сяржантам Ф. Ц. Блахіным непрыкметна падыйшла да моста і ў кароткім баі знішчыла ахову. Ф. Ц. Блахін кінуўся да апор, дзе пад насцілам было закладзена каля 2 тон узрыўчаткі і за 2 мінуты да ўзрыву перарэзаў провад, які цягнуўся да фугасаў; разам з яфрэйтарам М. I. Кузенавым выцягнуў электрадэтанатар і абясшкодзіў узрыўны механізм. Байцы ўзвода ўтрымлівалі мост да падыходу асноўных сіл савецкіх войск. За праяўлены гераізм Ф. Ц. Блахіну 24 марта 1945 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1959 годзе ў гонар адважных байцоў на мосце ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
У 1964 годзе Ф. Ц. Блахіну прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска», а ў 1974 годзе ў яго гонар быў названы мост. Пасля вайны мост перажыў дзве рэканструкцыі. Пасля апошняй рэканструкцыі (фактычна быў пабудаваны новы мост) на месцы мемарыяльнай дошкі ў гонар групы салдат, якія выратавалі пераправу, усталяваны памятны знак, ён уяўляе гарэльеф героя з надпісам: «На гэтым месцы 26 чэрвеня 1944 года ў жорсткім баі з фашысцкімі акупантамі быў выратаваны ад выбуху мост групай байцоў пад камандаваннем ст. сяржанта Блахіна Ф. Ц., удастоенага за гэты подзвіг звання Героя Савецкага Саюза. Новы мост пабудаваны ў 1992 годзе».
Фёдар Цімафеевіч Блахін нарадзіўся 11 лістапада 1903 года ў в. Раманаўка Пільнінскага раёна Ніжагародскай вобласці ў сялянскай сям'і. Па заканчэнні двух класаў Каменскай школы пайшоў працаваць. Да вайны быў на гаспадарчай працы. У Чырвоную Армію прызваны ў сакавіку 1943 года і ў тым жа месяцы накіраваны на фронт. Ваяваў камандзірам сапёрнага ўзвода 875-га стралковага палка 158-й стралковай дывізіі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту. У 1945 годзе Ф. Ц. Блахін быў дэмабілізаваны. Вярнуўся на радзіму, жыў у Горкаўскай вобласці. У 1950 годзе завочна скончыў сярэднюю школу. Працаваў загадчыкам планавага аддзела, затым старшынёй выканаўчага камітэта Пільнінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных. З 1965 года знаходзіўся на пенсіі. Ф. Ц. Блахін узнагароджаны ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга, а таксама медалямі. Памёр Фёдар Цімафеевіч Блахін 30 ліпеня 1974 года.
29 чэрвеня 2019 года Віцебскае абласное грамадскае аб'яднанне «Таварышы па зброі» сумесна з калегамі з іншых гарадоў Беларусі і Расіі ў Віцебску падрыхтавалі ваенна-гістарычную рэканструкцыю, дзе можна было ўбачыць адзін з ключавых момантаў аперацыі па вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – бітву за мост, які зараз носіць імя Блахіна.
ЛІТАРАТУРА
1. Блохина мост // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 80.
2. Винник, В. Белорусский мост нижегородца Блохина / В. Винник // Советская Белоруссия. – 2009. – 9 июля. – С. III.
3. Винник, В. Витебский мост нижегородца Блохина / В. Винник // Народная газета. – 2009. – 26 чэрв. – С. 4.
4. Конон, М. Мост имени Блохина фашисты хотели взорвать трижды / М. Конон // Віцьбічы = Витьбичи. – 2001. – 26 июня. – С. 1–2.
5. Памятный знак группе старшего сержанта Федора Блохина // В граните и бронзе: памятники и памятные знаки Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 68–70.
6. Кошалеў, М. К. Мост імя Блахіна / М. К. Кошалеў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 72.
7. Ляшук, С. Старый новый мост / С. Ляшук // Витебские вести. – 2021. – 8 мая. – С. 12.
8. Подлипский, А. 70 лет мосту, носящему имя героя / А. Подлипский // Народнае слова. – 2004. – 6 лістап. – С. 4.
9. Подлипский, А. Мост между прошлым и будущим / А. Подлипский // Витебские вести. – 2018. – 26 июня. – С. 6.
10. Сеньков, В. Мост Блохина / В. Сеньков // Сельская газета. – 2014. – 26 июня. – С. 15.