Памятны знак на месцы яўрэйскага гета. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 15:33
- Адноўлена 11.11.2021 15:33
Памятны камень на месцы былога віцебскага гета (вуліца Ільінскага) з інфармацыйнай дошкай, на якой напісана: «Тут будзе ўсталяваны мемарыяльны знак у памяць вязняў віцебскага гета, ахвяр фашысцкага генацыду ў 1941–1944 гг.», быў усталяваны ў кастрычніку 1993 года.
Гета было створана амаль у першыя дні акупацыі Віцебска ў ліпені 1941 года, пасля таго, як па загадзе нямецкага камандавання была праведзена прымусовая рэгістрацыя яўрэяў. Знаходзілася гета на правым беразе Дзвіны ў раёне клуба металістаў. Квартал абмяжоўваўся сучаснымі вуліцамі Ільінскага, Кірава, Камсамольскай і завулкам Энгельса. Тэрыторыя была агароджана высокім драўляным плотам, калючым дротам, ахоўвалася паліцыяй, выходзіць за межы дазвалялася толькі членам утворанага органа самакіравання (юдэнрата). Асноўнай масе вязняў прыходзілася жыць пад адкрытым небам на беразе ракі, у дварах разбураных будынкаў, пад навесамі, зробленымі з бляхі і абгарэлых ложкаў. Мужчын выкарыстоўвалі для цяжкай працы ў горадзе і абслугоўвання вайсковых часцей. Да канца кастрычніка скончыліся рэчы, якія можна было памяняць на ежу, пачаўся голад. Ад хвароб і холада да канца кастрычніка 1941 года ў гета памерла каля 5000 чалавек.
Паэтапнае знішчэнне яўрэяў віцебскага гета пачалося амаль адразу пасля яго з'яўлення. Расстрэлы выконваліся за горадам. Месцамі масавых расстрэлаў сталі: Ілаўскі (Тулаўскі) роў, яўрэйскія могілкі ў раёне Пескаватыка, Стара-Уланавіцкія могілкі, Уланавіцкая гара (каля цяперашніх могілак у Мазурына), «Чорная сажалка», Духаўскі яр у раёне Лучосы, пойма ракі Віцьбы, недалёка ад Акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Памятны знак на месцы масавых расстрэлаў у Ілаўскім (Тулаўскім) рове з'явіўся ў 1995 годзе, а ў 2010 годзе тут быў пастаўлены помнік. У 2001 годзе памятны знак быў усталяваны ў гонар загінуўшых на ўскраіне пас. Уланавічы («Чорная сажалка»).
ЛІТАРАТУРА
1. Вотинцева, Г. Под знаком «ОST» / Г. Вотинцева // Народнае слова. – 2000. – 2 лiстап. – С. 2.
2. Иванов, В. Черная страница витебской истории / В. Иванов // Народнае слова. – 2002. – 11 ліп. – С. 3.
3. Лагеря смерти // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 215–216.
4. Памятный знак на месте витебского гетто // В граните и бронзе: памятники и памятные знаки Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 75–76.
5. Памятный знак на месте еврейского гетто // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 33.
6. Рывкин, М. С. Хроника страшных дней. Трагедия Витебского гетто / М. С. Рывкин, А. Л. Шульман. – 2-е изд., доп. – Минск : Медисонт, 2014. – 236 с.
7. Трапезникова, Л. Забвению не подлежит? / Л. Трапезникова // Беларускі час. – 2009. – 23 окт. – С. 21.