Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 11.11.2021 15:47
- Адноўлена 27.09.2023 08:56
Плошча Перамогі ў Віцебску – самая вялікая плошча ў Беларусі. Менавіта на гэтым месцы на досвітку 26 чэрвеня 1944 года кіпеў бязлітасны бой. У гэты дзень штурмам Віцебск быў ачышчаны ад фашысцкіх захопнікаў. Помнік-манумент воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам Віцебшчыны і сама плошча Перамогі былі адкрыты 30 чэрвеня 1974 года ў гонар 30-годдзя вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікі архітэктурны комплекс аб'яднаў і мемарыяльны цэнтр, і складаны транспартны вузел, і месца адпачынку гараджан.
Плошча мае форму прамавугольніка, з трох бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, чацвёрты бок арыентаваны на Заходнюю Дзвіну. Памеры плошчы – 380х190 м. Мемарыяльны комплекс уключае плошчу мемарыяла з басейнамі, пілонамі, скульптурнай кампазіцыяй і галоўным манументам. Прамавугольная плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень самой плошчы Перамогі, да яе вядуць 14 прыступак. Кампазіцыйным цэнтрам ансамбля плошчы Перамогі з'яўляецца манумент Перамогі (арх. Ю. Шпіт, скульпт. Я. Печкін, Б. Маркаў) у выглядзе трох трапецападобных 56-метровых пілонаў-абеліскаў, звужаных уверсе. На вышыні пяці метраў пілоны аб'яднаны трохгранным маналітным фрызам, на гранях якога адлітыя рэльефы: «Салдаты», «Партызаны», «Падпольшчыкі». Пілоны абеліска злучаны кальцом з надпісам «Слава героям». Унізе, на подыуме ў форме зоркі, запалены Вечны агонь. Да ракі ад манумента вядуць 3 лесвіцы. Па баках устаноўлены па 5 пілонаў, на кожным з іх выбіты гады Вялікай Айчыннай вайны, пасярэдзіне – два басейны даўжынёй 85 м і шырынёй 10 м.
Перад плошчай мемарыяла, па баках, усталяваны дзве скульптурныя кампазіцыі з 28 бронзавых фігур савецкіх воінаў і мірных жыхароў. Першая скульптурная група адлюстроўвае пачатак вайны, зараджэнне партызанскага руху, другая – наступленне нашай арміі, вызваленне. Аўтары скульптурнай кампазіцыі – А. Н. Тарасян, М. А. Рыжанкоў, А. М. Заспіцкі і Г. І. Мурамцаў. Урачыстае адкрыццё скульптурных груп, якія з'яўляюцца дапаўненнем і далейшым развіццём помніка-манумента вызваліцелям, адбылося 12 ліпеня 1990 года.
Другая частка плошчы спачатку была вырашана як сквер. У 2009–2010 гг. на значнай тэрыторыі прайшла рэканструкцыя. Плошча стала цэнтральнай гарадской пляцоўкай з мемарыяльнай зонай і зонай для масавых мерапрыемстваў (да 200 тыс. чалавек). У мемарыяльнай зоне асфальтавае пакрыццё было заменена на тратуарную плітку, адноўлены скульптурныя кампазіцыі. У зоне для масавых мерапрыемстваў, на месцы былога сквера, пабудавана пляцоўка, устаноўлены 4 фантаны, два вялікія святлодыёдныя экраны, сцэна. У зімовы перыяд тут заліваецца каток, а на Новы год усталёўваецца галоўная гарадская елка. Упрыгожваюць плошчу новыя газоны і клумбы, сучаснае вертыкальнае азеляненне з кветкавымі кампазіцыямі на апорах. Высаджаны туі, іншыя дэкаратыўныя расліны. Увечары комплекс асвятляецца дэкаратыўнай падсветкай.
Плошча Перамогі абмежавана па перыметры ў асноўным жылымі дамамі. На даху 9-павярховага жылога дома надпіс – «Подзвіг савецкага народа бессмяротны!».
Другі этап рэканструкцыі плошчы прадугледжваў добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол мемарыяла вызваліцелям, сумежнага парку і набярэжнай Заходняй Дзвіны. Быў створаны парк Пераможцаў з Алеяй воінскай славы і пляцоўкай ваеннай тэхнікі. Урачыстае адкрыццё адноўленай плошчы Перамогі адбылося ў маі 2010 года – у гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі.
Плошча Перамогі – яркая адметнасць старажытнага Віцебска і напамін пра гераізм яго вызваліцеляў ад фашызму. Тут, на высокім беразе Заходняй Дзвіны, город адзначае Дзень Перамогі, Дзень вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
ЛІТАРАТУРА
1. Віцебск. Плошча Перамогі = Витебск. Площадь Победы / М. С. Рыўкін ; ред. М. А. Смірноў. – Мінск : Полымя, 1978. – 19 с.
2. Воінаў, А. А. Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны / А. А. Воінаў, М. М. Яніцкая // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 74–76.
3. Воронова, Н. Площадь Победы / Н. Воронова // Витебский проспект. – 2010. – 4 марта. – С. 5.
4. Голесник, С. Смещение городских акцентов / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2009. – 19 мая. – С. 8.
5. Дединкина, С. Три штыка над Западной Двиной / С. Дединкина // Народная газета. – 2010. – 8 мая. – С. II.
6. Дощенко, М. Самая большая площадь / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2013. – 24 янв. – С. 5.
7. Закиров, В. Место памяти, чести, достоинства / В. Закиров // Віцьбічы = Витьбичи. – 2000. – 3 нояб. – С. 7.
8. Кавальчынскі, Я. Мемарыял у Віцебску / Я. Кавальчынскі // Помнікі гісторыі і культуры БССР. – 1974. – № 4. – С. 3–6.
9. Князева, Е. Когда часы пробили двенадцать / Е. Князева // Народнае слова. – 2010. – 5 студз. – С. 5.
10. Колбанов, С. Исторический день / С. Колбанов // Витязь (Витебск). – 2010. – 15 мая. – С. 1.
11. Крученкова, О. Подарок будущему / О. Крученкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 6 мая. – С. 1–2.
12. Мемориал на площади Победы в Витебске // Подвиг народа: памятники Великой Отечественной войны: 1941–1945 / Л. И. Алексеева [и др.] ; сост. и общ. ред. В. А. Голикова. – 2-е изд., доп. – Москва : Политиздат, 1984. – С. 72–73.
13. Мемориальный комплекс воинам-освободителям Витебска // В граните и бронзе: памятники и памятные знаки Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 51–55.
14. Памятники Великой Отечественной войны // Витебские вести. – 2019. – 11 мая. – С. 12–13.
15. Пастернак, Т. Площадь Победы. 35 лет спустя / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2010. – 17 крас. – С. 1.
16. Пастернак, Т. Поющие фонтаны, громадные экраны, летнее кафе... / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2009. – 17 лістап. – С. 1.
17. Площадь Победы // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 32–33.
18. Площадь Победы в Витебске // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 111.
19. Площадь Победы // UNOVIS100: Пангеометрия города : монография / Т. В. Котович, А. Э. Духовников. – Витебск : ВГУ, 2020. – С. 205–211.
20. Пукшанскі, А. Да юбілею Перамогі – рэканструяваная плошча / А. Пукшанскі // Звязда. – 2010. – 11 мая. – С. 3.
21. Тулинова, Н. Новый год – на новой площади / Н. Тулинова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 17 нояб. – С. 1, 5, 7.
22. Тулинова, Н. Пройдусь-ка я по площади, сверну в парк Победителей... / Н. Тулинова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 23 мая. – С. IV–V.
23. Фёдараў, В. Из камня на них гимнастёрки, из камня на них сапоги / В. Фёдараў // Рэспубліка. – 2004. – 4 чэрв. – С. 4.
24. Шпакоўская, Г. 35-годдзе мемарыяла Перамогі / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2009. – 25 чэрв. – С. 1–2.
СПАСЫЛКІ