Памятны знак «Дзецям вайны». Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.11.2021 08:51
- Адноўлена 12.11.2021 08:51
Памятны знак «Дзецям вайны» ў Віцебску – гэта напамін пра трагічныя старонкі ў гісторыі горада, усяго беларускага народа, калі на жудасных дарогах Вялікай Айчыннай вайны аказаліся дзеці. Ці магчыма забыць тое, што ім давялося перажыць? З іх памяці не сцерці, як паміралі ад голаду і цяжкай працы родныя і блізкія, брэх сабак, крыкі фашыстаў. Толькі вясной 1944 года з Віцебска ў Германію было адпраўлена 2400 дзяцей. А колькі дзяцей было закатавана ў канцлагерах – цяжка пералічыць.
Памятны знак «Дзецям вайны» знаходзіцца ў сімвалічным месцы Віцебска – парку партызанскай славы імя Міная Шмырова (былы парк імя Леніна). Адкрыты памятны знак 25 чэрвеня 2011 года ў рамках святкавання Дня горада. Аўтар манумента – віцебскі скульптар В. Магучы.
Помнік уяўляе сабой фігуры хлопчыка-падлетка і маленькай дзяўчынкі, якая прыхінаецца да яго, нібы жадаючы схавацца ад крывавых стогнаў вайны. Дзеці сядзяць на прыступках разбуранага дома, галодныя, забітыя горам. Рука хлопчыка беражліва трымае кавалачак хлеба, каб аддаць яго дзяўчынцы. У падмурка помніка бронзавая прызма з надпісам: «Дзецям вайны». Манумент размешчаны на пастаменце, выкананым з чырвонага і шэрага граніту. Пляцоўка вакол помніка – з тратуарнай пліткі.
ЛІТАРАТУРА
1. Любочка, С. Опаленные той войной / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 1 февр. – С. 4.
2. Об утраченном детстве / подгот. Ю. Прищепа // Гарадоцкі веснік. – 2020. – 30 кастр. – С. 4.
3. Памятник детям войны // В граните и бронзе: памятники и памятные знаки Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 94.
4. Сеньков, В. Детям войны посвящается / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 28 июня. – С. 3.