Парк Пераможцаў з Алеяй воінскай славы. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.11.2021 09:19
- Адноўлена 03.04.2023 11:40
Парк Пераможцаў знаходзіцца ў цэнтры горада на беразе Заходняй Дзвіны. Размешчаны ўздоўж вуліцы Калініна, ля плошчы Перамогі. Плошча парку каля 4 га. Створаны парк у пачатку 2010 года напярэдадні святкавання 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне шляхам перайменавання сквера імя Калініна. У маі 2010 года ў парку створана Алея воінскай славы з экспазіцыяй баявой тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны (13 адзінак) і пасляваеннага перыяду, пазней – значна пашырана: усталявалі ўзоры ваеннай авіяцыі (4 адзінкі) і дэсантнай тэхнікі (4 адзінкі). Побач працуюць атракцыёны для дзяцей і дарослых. Непадалёк ад берага Заходняй Дзвіны ўсталявана парашутная вышка. У парку пачала працаваць вайсковая паходная кухня і стралковы цір. У 2011–2012 гг. былі выбрукаваны каляровай пліткай пешаходныя дарожкі з газонамі ўздоўж Заходняй Дзвіны да Благавешчанскай царквы і Кіраўскага моста, усталяваны 3 фантаны, высаджана алея з каштоўных парод дрэў, створаны пляцоўкі для павільёнаў гандлю і кафэ.
У парку маюцца аглядныя пляцоўкі з каланадай і гранітнай балюстрадай, з якіх адкрываецца прыгожая панарама Дзвіны і супрацьлеглага берага, спецыяльна абсталяваны спуск да ракі, а таксама ратонда ў пушкінскім стылі. У 2018 годзе ў парку была ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя, прысвечаная воінам дэсантнікам. Манументальная кампазіцыя ўяўляе сабой скульптуру – зборны вобраз дэсантніка – і памятны знак ПДВ, выкананы ў форме купала парашута. Аўтарам яе выступіў віцебскі скульптар І. Казак.
ЛІТАРАТУРА
1. Алея Славы з легендарнай тэхнікай паявілася ў Віцебску / падрыхт. М. Чэмер // Настаўніцкая газета. – 2010. – 8 мая. – С. 6.
2. Бегунова, Е. Ветви памяти / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2010. – 30 верас. – С. 12.
3. Тулинова, Н. Пройдусь-ка я по площади, сверну в парк Победителей... / Н. Тулинова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 23 мая. – С. IV–V.