Вакзал чыгуначны . Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 18.10.2018 15:23
Станцыя Орша – найбуйнейшы чыгуначны вузел Беларусі, які размешчаны на скрыжаванні двух еўрапейскіх транспартных калідораў, з'яўляецца найважнейшым звяном у чыгуначнай сетцы Рэспублікі Беларусь і краін СНД.
У лістападзе 1871 года праз горад Оршу прайшла чыгуначная лінія Смаленск – Мінск, якая прывяла да ўзнікнення станцыі Орша і адпаведнай чыгуначнай інфраструктуры.
Да канца 1902 года гэтую лінію пачала перасякаць новая магістраль Віцебск – Жлобін, у Оршы з'явілася яшчэ адна станцыя. Будаўніцтва лініі, якая праходзіць па правым беразе Дняпра, было пачата ў 1900 годзе.
Адкрыццё лініі Віцебск – Жлобін прывяло да стварэння Аршанскага чыгуначнага вузла, які працуе на 4 напрамкі і які складаецца з дзвюх станцый – пасажырскай і грузавой, яны належалі дзвюм розным дарогам.
У цяперашні час станцыя Орша – чыгуначны вузел кальцавога тыпу. Вузел складаецца з дзвюх сартавальных (Орша-Цэнтральная, Орша-Заходняя), адной грузавой (Орша-Усходняя), адной прамежкавай станцыі (Орша-Паўночная) і пуцявога паста Гараднянскі, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Акрамя таго, структурнымі падраздзяленнямі станцыі з'яўляюцца чыгуначны вакзал і адзіная на Беларускай чыгунцы дэзінфекцыйна-прамывачная станцыя.
Чыгуначны вакзал станцыі Орша з'яўляецца адным з самых буйных на Беларускай чыгунцы і абслугоўвае вялікі мясцовы і транзітны пасажырапаток. Кожныя суткі з вакзала станцыі Орша адпраўляецца 6,8 тысяч пасажыраў.
Упершыню чыгуначны вакзал на станцыі Орша быў пабудаваны ў 1871 годзе з увядзеннем у эксплуатацыю чыгуначнай лініі Масква – Брэст. У 1912 годзе быў пабудаваны новы драўляны двухпавярховы будынак вакзала з адным уваходам. У сярэдзіне 30-х гадоў адзначалася рэзкае павелічэнне пасажырапатоку праз Оршу. Быў распрацаваны праект дабудовы вакзала, і за тры перадваенныя гады былі выкананы некаторыя работы па ўнутранай планіроўцы і аздабленні, а таксама вонкавае добраўпарадкаванне.
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак вакзала быў часткова разбураны і адноўлены ў адпаведнасці з першапачатковым праектам. Паводле задумы архітэктара Н. І. Туманскай былі ўнесены значныя змены ў яго архітэктурна-мастацкае афармленне. Асабліва старанна быў адпрацаваны ўсходні бок.
У канцы 1947 года вакзал быў цалкам адноўлены. У 1953 годзе будынак вакзала быў дабудаваны, на заходнім і ўсходнім баках з'явіўся другі паверх. Над заходняй часткай Аршанскага вакзала ў 1973 годзе было пабудавана зашклёнае памяшканне, у якім размясцілася дыктарская.
У канцы 70-х гадоў стан вакзала ў Оршы стаў выклікаць трывогу за бяспеку пасажыраў. Улічваючы значную вышыню залаў, будаўнічыя арганізацыі не браліся за выкананне ўнутраных работ. І ўсё ж сіламі і сродкамі Аршанскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў за два гады працы былі выкананы. У 1980 годзе вакзал упрыгожылі новыя інтэр'еры, была выканана частковая перапланіроўка памяшканняў.
Такім вакзал і заставаўся да нашых дзён. Акрамя касметычных рамонтаў да 2002 года ніякіх работ не выконвалася. Натуральна, што за гэты перыяд будынак вельмі струхлеў, прыйшоў, практычна, у аварыйны стан. Таму па ініцыятыве кіраўніцтва станцыі Орша і па рашэнні кіраўніцтва Беларускай чыгункі ў сакавіку 2003 года пачата поўная рэканструкцыя будынка Аршанскага вакзала і добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы, перонаў і платформаў.
Пры захаванні агульнага архітэктурнага гістарычнага аблічча будынка інтэр'еры ўнутраных памяшканняў цалкам рэканструяваны, выкананы ў сучасным стылі, з ужываннем еўрапейскіх тэхналогій і матэрыялаў. Праведзена поўная мадэрнізацыя абсталявання вакзальнага комплексу, якая дазволіла значна палепшыць умовы абслугоўвання і знаходжання як пасажыраў, так і работнікаў вакзальнага комплексу.
ЛІТАРАТУРА
1. Барысава, Г. Другое нараджэнне / Г. Барысава // Аршанская газета. – 2004. – 5 чэрв. – С. 1.
2. Гатоўская, Л. Вакзал маёй мары / Л. Гатоўская // Аршанская газета. – 2004. – 29 чэрв. – С. 2.
3. Конышева, Е. Восточные ворота страны обновились / Е. Конышева // Рэспбліка. – 2004. – 29 чэр. – С. 2.
4. Легчеков, Л. Славен делами и героизмом / Л. Легчеков // Железнодорожник Белоруссии. – 2002. – 28 дек. – С. 3.
5. Лютынскі, В. Чыгуначны вакзал / В. Лютынскі // Аршанская газета. – 2005. – 4 жн. – С. 2.
6. Маркевич, Е. Преображается вокзал / Е. Маркевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 2 авг. – С. 3.
7. Николайчук, А. Жил-был ... вокзал / А. Николайчук // Аршанская газета. – 2000. – 16 лiстап. – С. 3.
8. Орлова, О. Восточные врата страны / О. Орлова // Железнодорожник Белоруссии. – 2003. – 1 нояб. – С. 4.
9. Орлова, О. Мечта, ставшая реальностью / О. Орлова // Железнодорожник Белоруссии. – 2004. – 9 дек. – С. 2.
10. Орлова, О. Событие, которого ждали / О. Орлова // Железнодорожник Белоруссии. – 2004. – 29 июня. – С. 1.
11. Шадрин, Л. Вокзал для всех / Л. Шадрин // Аршанская газета. – 2007. – 2 жн. – С. 13.
12. Шутова, О. Город начинается с вокзала / О. Шутова // Народнае слова. – 2004. – 29 чэрв. – С. 2.