Забудова вуліцы Леніна. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 18.10.2018 15:24
Забудова вуліцы Леніна – прыклад жыллёвага будаўніцтва з рысамі эклектычнай архітэктуры. Забудова вялася ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Уключае цагляныя дамы № 11, № 26.
Дом № 11. Пабудаваны ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Тут знаходзіліся адміністацыйныя ўстановы. Аднапавярховы, квадратны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Архітэктурным дэкорам апрацаваны толькі галоўны фасад, які выходзіць на «чырвоную лінію» вулічнай забудовы. Плоскасна трактаваны фасад расчлянёны арачнымі вокнамі і крапаваны надаконнымі броўкамі, руставанымі прасценкамі, філёнгамі, прафіляваным карнізам. Уваход у дом – з боку двара праз створчатую браму-арку.
Дом № 26. Пабудаваны ў пачатку XX ст. Галоўны фасад прамавугольнага ў плане аднапавярховага аб'ёму, выцягнутага ўздоўж вуліцы, мае сіметрычна-восевае вырашэнне з лучковымі ўваходным і аконнымі праёмамі. Над уваходам навес на вітых арнаментальных кранштэйнах з жалеза. Пластыка і дэкор фасада ствараюцца сродкамі дэкаратыўнай цаглянай муроўкі, выкарыстаны сандрыкі, руст, лапаткі, цокаль апрацаваны філёнгамі. Прафіляваны карніз, які аддзяляе фасад ад двухсхільнага даху, у цэнтры вылучаны франтонам.
ЛІТАРАТУРА
1. Забудова вуліцы Леніна // Памяць: Орша. Аршански раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 463–464.
2. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Леніна / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1985. – С. 91.