Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Забудова вуліцы Мінскай. Аршанскі раён, г. Орша

Забудова па вуліцы Мінскай – прыклад жыллёвага будаўніцтва, дзе шырока выкарыстаны дэкаратыўныя ўласцівасці цаглянай муроўкі. Забудова сфарміравана ў пачатку XX стагоддзя. Уключая цагляныя дамы № 11, № 17, № 19, якія ствараюць адзіны ансамбль.

Дом № 11. Вуглавы, на скрыжаванні вуліц Мінскай і Леніна, на ўзгорку. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Да галоўнага фасада асіметрычна далучаецца аб'ём уваходнага тамбура з міжпаверхавай лесвіцай, да тарцовага – прыбудова. Элементы дэкору фасадаў выкрашаны сродкамі цаглянай муроўкі: ліштвы акон, сандрыкі, клінападобныя аркі, філёнгі, лапаткі, міжпаверхавы фігурны пояс. Папярочнай сцяной дом падзелены на 2 палавіны, планіроўка зменена адпаведна сучаснаму выкарыстанню.

Дом № 17. Уключаны ў фрагмент забудовы вуліцы ў пачатку XX стагоддзя. Двухпавярховы аб'ём з пакатым дахам выцягнуты ўздоўж вуліцы і павернуты да яе галоўным фасадам. Яго рытм ствараюць рады лучковых акон і 2 дзвярныя праёмы. Фасад дэкарыраваны клінападобнымі аркамі, лапаткамі, філёнгамі, рустам, сандрыкамі, выкананымі сродкамі цаглянай муроўкі. Тарцовыя фасады глухія, без праёмаў і архітэктурнага дэкору. Дом папярочным калідорам падзелены на 2 палавіны.

Дом № 19. Вуглавы, на скрыжаванні вуліц Мінскай з 2-м Мінскім завулкам. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак апрацаваны тынкоўкай. На яе фоне вылучаюцца 2 рады лучковых і прамавугольных аконных праёмаў. Плоскасна вырашаныя фасады ўпрыгожаны міжпаверхавым тонкапрафіляваным поясам, карнізам з сухарыкамі. Тарцовыя фасады пазбаўлены праёмаў і дэкору. Два крылы дома маюць розную планіроўку: на вуліцы Мінскай – анфіладную, на завулку – калідорную.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Копцік, Ю. Архітэктурныя прагулкі: Мінская, 17 / Ю. Копцік // Аршанская газета. – 2007. – 24 лістап. – С. 3 ; 22 снеж. – С. 3.

2. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Мінскай / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1985. – С. 91.

3. Урублеўская, Г. Г. Забудова вуліцы Леніна // Памяць: Орша. Аршански раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 464.