Паштовая станцыя. Сенненскі раён, в. Паграбёнка
- Подробности
- Створана 24.09.2019 15:23
- Адноўлена 24.09.2019 15:39
Паштовая станцыя – помнік архітэктуры XIX стагоддзя, знаходзіцца каля в. Паграбёнка Сенненскага раёна.
Пабудавана ў канцы 1840-х гг. паводле так званага ўзорнага праекта станцыйных дамоў трэцяга разраду, зацверджанага ў 1846 годзе. Па стане на 1985 год зберагліся: будынак паштовай станцыі, флігель для ямшчыкоў, свіран, хлеў, частка стайні (перабудавана) і цагляная агароджа, у якой былі два сіметрычна размешчаныя праезды (адзін з іх замураваны). Там размяшчалася лінейная дарожная служба.
Асноўны будынак – станцыйны дом, павернуты галоўным фасадам да дарогі. Разам з агароджай ён стварае франтальную кампазіцыю. Дом прамавугольны ў плане, з восевым падоўжаным размяшчэннем двухкамерных сенцаў. Па баках іх былі пакоі для праезджых і кватэра наглядчыка. Аконныя праёмы і ўваходны партал стральчатыя.
Над уваходам – невялікая навісь, якую падтрымліваюць літыя чугунныя кранштэйны. Сцены будынка раскрапаваны прамавугольнымі філёнгамі, дэкарыраваны стральчатымі нішамі. Слупы агароджы з востраканцовымі завяршэннямі.
У архітэктуры станцыйнага дома выкарыстаны элементы несапраўднай готыкі.
Па стане на 2019 год комплекс будынкаў былой паштовай станцыі: станцыйны дом і флігель для ямшчыкоў – гісторыка-культурная каштоўнасць.
ЛІТАРАТУРА
1. Бынькоў, А. Будынак на старакіеўскай дарозе / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2015. – 15 окт. – С. 14.
2. Бынькоў, А. У гэты будынак заходзіў не Пушкін, а Зан / А. Бынькоў // Народнае слова. – 2003. – 19 жн. – С. 6.
3. Рого, В. Утраченные памятники / В. Рого // Голас Сенненшчыны. – 2015. – 9 чэрв. – С. 6.
4. Сардараў, А. Паштовая станцыя / А. Сардараў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 404–405.