Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Адміністрацыйны будынак. Сенненскі раён, г. Сянно

З другой паловы XVIII стагоддзя ў архітэктуры стаў пашырацца новы стыль – класіцызм. Далучэнне беларускіх зямель да Расіі супала з разгортваннем планіровачных работ у імперыі, што выклікала перапланіроўку населеных пунктаў.

Першыя праекты ўпарадкавання планіроўкі былі распрацаваны і зацверджаны ў 1778 годзе і датычыліся Віцебска, Полацка, Оршы, Гарадка, Дрысы і Сянно. Пры перапланіроўцы асаблівая ўвага надавалася рэканструкцыі гарадскіх цэнтраў. Яны набывалі буйнамаштабны прасторавы характар.

Галоўнымі кампанентамі забудовы станавіліся новыя адміністрацыйныя і грамадскія будынкі (установы ўлады, губернскія і павятовыя праўленні, дваранскія сходы). Больш хуткаму ажыццяўленню ансамблевай забудовы садзейнічалі тыповыя праекты.

У плане гэтыя будынкі былі прамавугольныя, радзей – П-падобнай формы. Выразна вылучаўся кампазіцыйны цэнтр – лесвічная клетка і вестыбюль. Пластыка фасадаў вызначалася прастатой і яснасцю форм.

У 1830–1832 гг. у Сянно быў узведзены такі ўзорны адміністрацыйны будынак. Ён стаяў на месцы сучаснага райвыканкама. У гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. ён быў часткова разбураны, але ў 1947–1948 гг. адноўлены.

Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак быў з вальмавым дахам. Адміністрацыйны будынак вызначаўся строгасцю кампазіцыі і стрыманасцю ў дэкаратыўнай апрацоўцы. Дзве гарызантальныя цягі паміж першым і другім паверхамі праходзілі па ўсім перыметры будынка.

Галоўны фасад вылучаны рызалітам, у якім быў зроблены ўваход камбінаваным атынам. Сцены першага паверха былі расшыты пад «дашчаты» руст, рытмічна раздзелены прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на другім паверсе галоўнага фасада дэкарыраваны сандрынамі і простымі піштвамі. Пад карнізамі – дэнтынулы.

Адміністрацыйны будынак – помнік грамадзянскай архітэктуры з выкарыстаннем элементаў класіцызму.

У 1976 годзе помнік быў разабраны.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Адміністрацыйны будынак // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 398–399.

2. Расійскі след у архітэктуры // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 84–85.

3. Расійскі след у архітэктуры // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. – Віцебск, 2000. – С. 117–120.