Забудова гістарычнага цэнтра горада. Глыбоцкі раён, г. Глыбокае
- Подробности
- Створана 26.11.2019 15:23
- Адноўлена 26.11.2019 11:57
У горадзе Глыбокае захаваліся будынкі, якія адносяцца да ўзораў гістарычнай забудовы горада, што фарміраваліся ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя. Гэтыя дамы размяшчаюцца на сучасных вуліцах Леніна, Маскоўскай і Энгельса і з'яўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.
Забудова вуліцы Леніна склалася ў XIX–XX стагоддзях. Захаваліся дамы № 5, № 11, № 13, № 38, № 40.
Дом № 5. Пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы як жылы. Размешчаны адасоблена, галоўным вузкім фасадам выходзіць на «чырвоную лінію» вуліцы. Двухпавярховы будынак з пакатым вальмавым дахам, прамавугольны ў плане, выцягнуты ў бок двара. Галоўны фасад сіметрычнай кампазіцыі з рытмам прамавугольных аконных праёмаў і балконам у цэнтры. Архітэктурны дэкор складаюць ліштвы праёмаў, філёнгі, міжпаверхавы і завяршальны карнізы. Кожны з паверхаў дома падзелены на 4 кватэры, аб'яднаныя вакол цэнтральнай лесвіцы.
У міжваенны перыяд (20–30-я гг. ХХ ст.) у гэтым будынку размяшчалася аптэка, якая належыла глыбоцкаму яўрэю Атону Фейертаку.
Дом № 11. З'яўляецца ўзорам гарадской забудовы пачатку ХХ стагоддзя. У міжваенны перыяд гэты дом належаў глыбоцкаму яўрэю Іцэку Трэйстэру.
Дом № 13. Пабудаваны ў XIX – пачатку XX ст. з цэглы як жылы. Планіровачна выцягнуты ў двор, з якога ёсць дадатковы ўваход. Аднапавярховы будынак. Галоўны вулічны фасад завершаны трохвугольным шчытом, вылучаным карнізамі з дэнтыкуламі. Прамавугольныя вокны аздоблены сандрыкамі і філёнгамі.
Дом № 38. Пабудаваны ў канцы XIX – пачатку XX ст. з цэглы як жылы. У міжваенны перыяд (1920–30-я гг.) у гэтым будынку размяшчаўся магазін вырабаў з металу, які належаў Янкелю Шэйнкеру.
Планіровачна развіты ў глыбіню двара і выходзіць на «чырвоную лінію» вуліцы вузкім тарцовым фасадам. Двухпавярховы будынак з вальмавым дахам. Галоўны фасад сіметрычны, з рытмам лучковых акон і 2 уваходамі. У яго пластыка-дэкаратыўнай аздобе выкарыстаны лучковыя сандрыкі з замковымі камянямі, вуглавыя лапаткі, прафіляваны карніз. Планіроўка зменена, дом прыстасаваны для прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.
Дом № 40. Пабудаваны ў 2-й палове XIX ст. з цэглы як жылы. У 20–30-х гг. ХХ ст. у гэтым будынку размяшчаўся кінатэатр «Корса», які належыць глыбоцкаму яўрэю Саламону Шрырко.
Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Падоўжаны вулічны фасад рытмічна члянёны радамі лучковых акон з сандрыкамі і замковымі камянямі. Фасад па перыметры абмежаваны прафіляваным карнізам, бакавымі лапаткамі, цокальным выступам. Планіроўка зменена, дом прыстасаваны пад кінатэатр. Забудова па вуліцы Леніна – характэрны помнік горадабудаўніцтва Беларусі канца XIX – пачатку XX ст.
Забудова вуліцы Маскоўскай склалася ў 2-й палавіне XIX – пачатку XX ст. Найбольш характэрны яе фрагмент уключае цагляныя дамы № 2, № 3, № 4.
Дом № 2. На скрыжаванні вуліц Маскоўскай і Леніна. Пабудаваны ў пачатку XX ст. як жылы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з вальмавым дахам. Зрэзаны вугал дома на скрыжаванні вуліц вылучаны балконам над уваходным праёмам. Падоўжаны галоўны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі. Планіроўка прыстасавана для прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.
Дом № 3. Пабудаваны ў канцы XIX – пачатку XX ст. як жылы. Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з вальмавым дахам. З плоскасных фасадаў дэкарыраваны толькі галоўны. Сродкамі цаглянай фігурнай кладкі створаны карнізы з кранштэйнамі, фігурныя сандрыкі лучковых акон, філёнгі, лапаткі.
Дом № 4. Пабудаваны ў пачатку XX ст. як жылы. У міжваенны перыяд гэты дом належаў глыбоцкаму яўрэю Янкелю Краўту.
Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з чатырохсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную будову з цэнтральным уваходам. Лучковыя праёмы абрамлены плоскімі ліштвамі, прамавугольнымі нішамі і філёнгамі. Рытм фасада ствараюць лапаткі ў прасценках. Дом падзелены на 2 палавіны; прыстасаваны пад аптэку.
Фрагмент гістарычнай забудовы вул. Маскоўскай – помнік горадабудаўніцтва Беларусі 2-й паловы XIX – пачатку XX ст.
Будынак Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея па вул. Энгельса, дом № 24. – узор гарадской забудовы першай паловы ХХ стагоддзя. Быў пабудаваны ў 1931 годзе глыбоцкім купцом Савеліем Крывёнкам. У пасляваенны час у гэтым будынку размяшчаўся гарсавет.
З 1992 года тут дзейнічае гісторыка-этнаграфічны музей.
З'яўляецца аб'ектам гісторыка-культурнай спадчыны.
ЛІТАРАТУРА
1. Вярцінская, А. В. Нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці : архітэктурныя будынкі Глыбокага / А. В. Вярцінская // Веснік Глыбоччыны. – 2005. – 7 верас. – С. 3.
2. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Леніна / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 225–226.
3. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Маскоўскай / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 226.
4. Шыталь, К. Глыбачане набылі для музея рэдкую паштоўку / К. Шыталь // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 22 студз. – С. 4.