Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Ансамбль вуліцы Кірава. г. Віцебск

Вуліца Кірава (раней Вакзальная) праходзіць ад Прывакзальнай плошчы да Кіраўскага моста праз р. Заходняя Дзвіна. Нягледзячы на невялікую працягласць, каля 650 м, яна мае вялікае стратэгічнае значэнне для горада і вялікую гісторыю.

У Задзвінні, пад такой назвай гэтая мясціна была раней, людзі сяліліся з Х–ХІІ стст. Актыўна ж раён пачаў забудоўвацца на мяжы XVIII–XIX стст. Штуршком для развіцця вуліцы стала будаўніцтва чыгункі, узвядзенне вакзала (ад яго назва вуліцы – Вакзальная) і першага пастаяннага моста праз Дзвіну (рух быў адкрыты ў 1867 годзе). На вуліцы да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года было шмат гандлёвых устаноў. У пачатку ХХ ст. па ёй была пракладзена трамвайная лінія. У 1930 годзе вуліцы было прысвоена імя Карла Маркса, але пасля забойства ў 1934 годзе першага сакратара Ленінградскага абкама УКП (б) С. Кірава вуліца была перайменавана ў яго гонар. Даваенная вуліца была вузкая, крыху больш за 10 м. На ёй у 1930-я гг. пабудавалі цэнтральны трохпавярховы ўнівермаг. Ён размяшчаўся ў раёне цяперашняга дома № 18. На вуліцы знаходзіўся кінатэатр, у якім адбыліся першыя сеансы гукавога кіно. Да гэтага яны дэманстраваліся пад піяніна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны вуліца Кірава была амаль цалкам разбурана, у тым ліку і мост праз Заходнюю Дзвіну. Новы мост быў урачыста ўведзены ў эксплуатацыю ў 1955 годзе. Ён атрымаў назву Кіраўскі. Кіраўскі мост замяніў часовы, надзейна звязаўшы дзве часткі горада і стаў адным з яго архітэктурных сімвалаў. Аўтары праекта – інжынеры І. Гельфман і П. Ісачанка, архітэктары В. Ладыгіна і Я. Заслаўскі.

Ансамбль вуліцы Кірава створаны нанава ў 1947–1958 гг. архітэктарамі В. Гусевым (кіраўнік), Л. Данілавай (дзявочая Папова), В. Данілавым. У іх гонар у 2007 годзе на фасадзе жылога дома № 4 усталявалі мемарыяльную дошку (скульптар А. Гвоздзікаў). Вуліца і яе працяг сталі важным гарадскім дыяметрам, перпендыкулярным вуліцы Леніна і р. Заходняя Дзвіна – галоўным кампазіцыйным восям у структуры горада. Перад Кіраўскім мостам яе завяршаюць вежавыя аб'ёмы будынкаў гасцініцы «Дзвіна» і інтэрната электратэхнікума сувязі (зараз Віцебскага філіяла УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі»).

Вуліца забудавана 4–5-павярховымі дамамі ў стылі «савецкага ампіру». Гэта жылыя дамы з магазінамі, рэстаранам і іншымі прадпрыемствамі культурна-бытавога абслугоўвання на першых паверхах. Кожны будынак мае сваю архітэктуру і асаблівасці. Але кампазіцыя вуліцы заснавана на стылёвым адзінстве пластычнага вырашэння фасадаў з выкарыстаннем элементаў класічнай спадчыны. Цэласны характар забудове надаюць прыкладна аднолькавыя працягласць і вышыня будынкаў, падабенства гарызантальных і вертыкальных чляненняў (карнізы, цягі, пілястры і інш.), адзіны характар азелянення. Фасадныя плоскасці ўзбагачаюць балконы, эркеры і іншыя архітэктурныя элементы. Пры будаўніцтве жылых дамоў выкарыстаны 2- і 3-кватэрныя секцыі. Ансамбль вуліцы дапаўняў бульвар з ліпамі і каштанамі, пешаходнымі дарожкамі, забрукаванымі пліткай. Асвятляўся бульвар дэкаратыўнымі ліхтарамі. Ад праезнай дарогі быў адгароджаны чыгуннай мастацкай рашоткай. На бульвары ў 1979 годзе быў усталяваны помнік С. М. Кіраву.

У 2020 годзе да свята хлебаробаў «Дажынкі», якое праходзіла ў Віцебску, быў зроблены капітальны рамонт бульвара з заменай тратуараў і ліхтароў. Замест чыгуннай агароджы – жывы плот з кустоў. Усталявана маналітная жалезабетонная запрашальная арка са старажытным гербам Віцебска ўверсе, дэкаратыўнымі гарэльефамі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама фрагментам указа аб узнагароджанні ім абласнога цэнтра. 26 верасня 2020 года тут адкрыта новая паркавая скульптура «Двое», прысвечаная моладзі 1960-х: хлопец з гітарай падарыў сваёй каханай букет кветак.

Цэнтрам кампазіцыі Прывакзальнай плошчы з'яўляецца будынак чыгуначнага вакзала, які замыкае перспектыву бульвара.

У адным з самых прыгожых будынкаў на вуліцы Кірава размясціўся Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж. З 1956 па 2010 гг. тут знаходзілася ГПТВ № 19 бытавога абслугоўвання. Пасля рэарганізацыі і аб'яднання з іншымі навучальнымі ўстановамі ў 2014 годзе каледж атрымаў сваю цяперашнюю назву.

Шыльда на доме № 2, урачыста адкрытая ў верасні 2020 года, сведчыць, што ў ім жыў камандзір 1-й партызанскай брыгады Міхаіл Бірулін. У 1967 годзе ён адзін з першых атрымаў званне «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска». У гады Вялікай Айчыннай вайны – адзін з арганізатараў партызанскага руху на Віцебшчыне. Пасля вайны быў старшынёй Віцебскага райвыканкама і Чыгуначнага райвыканкама горада Віцебска. Па яго ініцыятыве створаны музей баявой славы 1-й Віцебскай партызанскай брыгады ў Вярхоўскай сярэдняй школе Віцебскага раёна (зараз СШ № 9).

Першыя паверхі будынкаў на вуліцы Кірава адразу былі прыстасаваны для аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Да сённяшняга дня тут захаваліся фотастудыя, кніжны магазін «Светач». Не адно дзесяцігоддзе ў доме № 3 знаходзіцца ювелірны магазін «Ізумруд».

Ансамбль вуліцы Кірава – помнік горадабудаўніцтва 1950-х гадоў ХХ ст., уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебска.

 

Вуліца Вакзальная (зараз вуліца Кірава). г. Віцебск. Паштоўка пачатку ХХ стагоддзя. Фота з сайта https://ic.pics.livejournal.comВуліца Кірава. г. Віцебск. Фота з сайта https://ic.pics.livejournal.comМемарыяльная дошка ў гонар аўтараў праекта забудовы вуліцы Кірава. г. Віцебск. Фота з сайта http://www.evitebsk.comПрывакзальная плошча. г. Віцебск. Фота з сайта http://vitebskcity.by

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Архитектурный ансамбль на руинах / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2007. – 17 марта. – С. 3.

2. Абрамова, И. Улица Кирова / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 11 окт. – С. 3.

3. Бульвар в стиле ретро / подгот. Т. Пастернак // Витебские вести. – 2020. – 29 сент. – С. 5.

4. Бынькоў, А. Ад Вакзальнай да Кірава / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 16 янв. – С. 7.

5. Воінаў, А. А. Кірава вуліца / А. А. Воінаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1986. – Т. 3 : Карчма–Найгрыш. – С. 50.

6. Воінаў, А. А. Ансамбль вуліцы Кірава / А. А. Воінаў, В. Б. Караткевіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 47.

7. Воінаў, А. А. Ансамбль вуліцы Кірава / А. А. Воінаў, В. Б. Караткевіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 628–629.

8. Давидовская, О. Торжественная и парадная / О. Давидовская // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 21 окт. – С. 6.

9. Дощенко, М. Главная магистраль Задвинья / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2013. – 28 марта. – С. 5.

10. Дроздова, Н. Единый комплекс: вокзал, площадь, улица Кирова / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 5 дек. – С. 1.

11. Ивановский, Ю. И улицы имеют авторов / Ю. Ивановский // Віцебскі рабочы. – 2007. – 3 мая. – С. 1.

12. Кирова улица // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 200.

13. Кірава вуліца // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 240.

14. Кировский мост // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 26–27.

15. Ларина, Т. Постой, паровоз... / Т. Ларина // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2017. – 15 ліп. – С. 8.

16. Кутынко, А. Далеко не уедешь, но полюбуешься! / А. Кутынко // Витебские вести. – 2017. – 11 июля. – С. 4.

17. Мясоедова, С. Н. На бойком месте / С. Н. Мясоедова // Твой город (Витебск). – 2013. – 5 дек. – С. 5.

18. Пастернак, Т. Архитекторы Даниловы / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2003. – 25 студз. – С. 6.

19. Подлипский, А. Городские ворота / А. Подлипский // Народнае слова. – 2005. – 20 жн. – С. 8.

20. Хмельницкая, Л. Поезд, уносящий мечты.../ Л. Хмельницкая // Прогулки со старой картой: очерк истории Витебска начала XX века (с приложением карты) / Л. В. Хмельницкая ; [предисл., общ. ред. С. В. Рублевского]. – 2-е издание. – Минск : Четыре четверти, 2013. – С. 18–23.