Забудова вуліцы Суворава. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 12.04.2021 15:23
- Адноўлена 12.04.2021 14:31
Пешаходная вуліца Суворава, адна з самых старажытных у горадзе, працягнулася на 1300 м ад Уваскрасенскай царквы і Ратушы. За сваю гісторыю яна неаднаразова мяняла назвы: Узгорская, Афіцэрская, Валадарская. Менавіта ў гэтым гістарычным раёне з 1924 па 1941 гг. знаходзіўся мастацкі тэхнікум, у якім працаваў Марк Шагал. Забудова вуліцы Суворава – гэта цэнтральная частка горада. Разам з забудовай вуліц Крылова, Я. Купалы, Л. Талстога стварае гісторыка-архітэктурную зону горада. Мураваныя дамы, размешчаныя на пакатым рэльефе, аб'яднаны адзінай кампазіцыяй, агульным архітэктурна-дэкаратыўным вырашэннем.
Дом № 2. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. як гандлёвыя рады. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Сцены першага паверха, дзе размяшчаліся крамы, былі прарэзаны шырокімі лучковымі аркамі – уваходамі ў крамы, сцены другога паверха (склад тавараў) – маленькімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Прасценкі паміж праёмамі на кожным паверсе дэкарыраваны 2 спаранымі пілястрамі, якія ствараюць дэкаратыўны малюнак. Гандлёвыя рады з'яўляліся сувязным звяном паміж ратушай і іншымі будынкамі на плошчы перад ёй.
Першапачатковы выгляд адлюстраваны на акварэлі І. Пешкі XIX ст. У канцы XIX ст. дом рэканструяваны, да яго прыбудаваны невялікі 3-павярховы жылы дом з вузкім фасадам і скошаным вуглом, дзе размешчаны ўваход. Цяпер першы паверх будынка выкарыстоўваецца гандлёвай установай (фасад зменены), другі – жылы. На другім паверсе захаваліся арачныя аконныя праёмы і слаістыя пілястры дарычнага ордэра паміж імі.
Дом № 4. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. як жылы. Будынак двухпавярховы. Галоўны фасад мае асіметрычную кампазіцыю, якую падкрэслівае лучковая арка – праезд ва двор. Прамавугольныя вокны дэкарыраваны ліштвамі з франтонамі, на другім паверсе асіметрычна размешчаны балкон. Уваход аформлены паўкалонамі. Гарызантальныя чляненні вылучаны прафіляваным міжпаверхавым паяском і завяршальным карнізам з філёнгавым фрызам. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму.
Дом № 6. Пастаўлены ў сярэдзіне XIX ст. як жылы. Будынак двухпавярховы. У дэкаратыўнай апрацоўцы галоўнага фасада выкарыстаны традыцыйныя элементы: міжпаверхавы пояс, прафіляваны карніз, ліштвы арачных і лучковых акон. Сіметрыю фасада парушае бакавое размяшчэнне галоўнага ўвахода.
Дом № 8. Мураваны трохпавярховы будынак. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры неглыбокім рызалітам і завершаны трохвугольным франтонам з сухарыкамі. На першым паверсе (у рызаліце) – уваходны партал з металічнай агароджай (першапачаткова – арачны праезд), на другім – тры паўцыркульныя аконныя праёмы з арачнымі сандрыкамі і пілястрамі, на трэцім – прамавугольныя вокны.
Дом № 10/2. На скрыжаванні вуліц Суворава і Крылова. Пабудаваны ў XIX ст. Будынак двухпавярховы, з закругленай вуглавой часткай, якая на другім паверсе вылучана балконам з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Над цэнтральнай часткай галоўнага фасада – трохвугольны франтон. Вокны прамавугольныя і лучковыя, дэкарыраваны прафіляванымі ліштвамі. 3 боку галоўнага фасада арачны праезд ва двор.
Дом № 12/1. На рагу вуліц Суворава і Крылова, насупраць дома № 8. Пабудаваны ў 1799 годзе, рэстаўрыраваны ў 1848 годзе. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка закруглена і вылучаецца на другім паверсе шырокім балконам з каванай агароджай (не захавалася). Цэнтр выцягнутага галоўнага фасада вылучаны плоскім рызалітам і трохвугольным франтонам. Сцены завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вокны прамавугольныя, на першым паверсе расшыраны ў ХІХ ст. і аздоблены арачнымі філёнгамі, на другім – з простымі ліштвамі. Пачатковая планіроўка не захавалася.
Дом № 26. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. як гарадскі асабняк. Будынак Т-падобны ў плане: да двухпавярховага корпуса, арыентаванага на вуліцу, з боку двара прыбудавана аднапавярховае крыло. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры рызалітам, асіметрычна размешчаны ўваход вызначаны 2 калонкамі. На першым паверсе вокны лучковыя з ліштвамі, на другім –прамавугольныя. 3 боку галоўнага фасада праезная арка. Планіроўка анфіладная. У двухпавярховым корпусе размяшчаліся жылыя пакоі, у аднапавярховым – гаспадарчыя.
Дом № 34/23. На скрыжаванні вуліц Суворава і Савецкай. Пабудаваны ў 1927–1932 гг. з цэглы і дрэва (архітэктар В. Вукалаў). Чатырохпавярховы П-падобны ў плане будынак. Прызначаўся для маласямейных і адзінокіх. Складаецца з 6 двухкватэрных секцый з лесвічнымі клеткамі і адной секцыі з калідорнай планіроўкай. Кватэры маюць па 3 і 4 пакоі, плошча якіх ад 10 да 24 м2, кухню плошчай ад 7 да 10 м2, санітарны вузел. У секцыі з калідорнай планіроўкай на кожным паверсе 11 жылых пакояў, 2 агульныя кухні, умывальні, пакой для заняткаў і адпачынку. На цокальным паверсе камунальна-бытавыя памяшканні. У працэсе эксплуатацыі дома праведзена некалькі рэканструкцый кватэр, якія закранулі ўнутраную планіроўку. Архітэктурнае аблічча будынка стрыманае, без дэкаратыўных дэталяў. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, падзеленых вертыкальным чляненнем паўлоджый, заглыбленых на таўшчыню сцен. Дом пабудаваны як дом-камуна, з'яўляецца характэрным прыкладам савецкай архітэктуры 20–30-х гг.
Дом № 38. Дом камунальнага тыпу (другі камунальны дом). Пабудаваны ў 1930–1935 гг. (архітэктар В. Вукалаў). Чатырохпавярховы секцыйны будынак мае складаную канфігурацыю плана, скампанаваны з 4 чатырохкватэрных і 1 двухкватэрнай секцый (у цэнтры). Пластыку сіметрычна вырашанага фасада ўзбагачаюць вертыкальныя вокны лесвічных клетак, глухія агароджы балконаў з вялікім вынасам на 3-м і 4-м паверхах, просты карніз і абрамленні амаль квадратных акон. На першым паверсе – магазін. Будынак адносіцца да тыпу буйных жылых дамоў першай палавіны 30-х гадоў, калі былі характэрны маляўнічыя аб'ёмы, пераходы ад выцягнутых вузкіх карпусоў да больш складаных кампазіцый.
У архітэктурным ансамблі вуліцы Суворава ўдала спалучаюцца забудовы XVIII–ХІХ стст. і гадоў першых пяцігодак.
ЛІТАРАТУРА
1. Воінаў, А. А. Забудова вуліцы Суворава / А. А. Воінаў, А. М. Кулагін, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 57–58.
2. Жылая забудова ХІХ – пачатку ХХ ст. // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 27, 30–32, 37.
3. Застройка улицы Суворова // Витебск за один день : путеводитель / Л. В. Хмельницкая. – Минск : Рифтур, 2013. – С. 28–30, 34.
4. Из Средневековья в ХIХ век / подгот. О. Кузина // Витебский проспект. – 2012. – 19 апр. – С. 5.
5. Кузина, О. Четыре дома из двух эпох / О. Кузина // Витебский проспект. – 2012. – 3 мая. – С. 5.
6. Любочка, С. Тихий дворик с фонтаном у дома... / С. Любочка // Твой город (Витебск). – 2013. – 21 нояб. – С. 5.
7. Мартова, Н. Пешком по Суворова на Узгорскую / Н. Мартова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2006. – 8 апр. – С. 5.
8. Подлипский, А. Улица полководца Суворова / А. Подлипский // Народнае слова. – 2005. – 5 лістап. – С. 6.
9. Подлипский, А. М. Улица Суворова, 3 / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2017. – 80 с. – (Биография витебского дома. Вып. I).
10. Улица как книга / подгот. Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 20 мая. – С. 6.