Забудова вуліцы Талстога. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 12.04.2021 15:23
- Адноўлена 12.04.2021 14:50
Вуліца Талстога (былая назва Падзвінская) амаль поўнасцю захавала аблічча пачатку ХХ ст. і ўваходзіць у ахоўную зону гістарычнай часткі горада. Працягласць вуліцы – каля 200 м, ад вуліцы Суворава да вусця р. Віцьба. Першыя пабудовы ў раёне сучаснай вуліцы ўзніклі ў Х–ХІІІ стст. Супрацьлеглыя канцы вуліцы завяршаюцца акцэнтамі – Успенскай і Уваскрасенскай цэрквамі, якія былі разбураны пры савецкай уладзе і пабудаваны зноў у 2000-я гг. Вуліца Талстога з'яўляецца папярочнай транспартнай і пешаходнай звязкай паміж радыяльнымі вуліцамі горада – Суворава і Леніна. Шчыльна пабудаваныя дамы ствараюць адзіны горадабудаўнічы ансамбль.
Дом № 1. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы, атынкаваны. Галоўны фасад трохпавярховага аб'ёму расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі з ліштвамі. Будынак фланкіраваны неглыбокімі рызалітамі з руставанымі лапаткамі і балконамі, дэкарыраваны міжпаверхавымі філёнгавым і меандравым паясамі, карнізам простага профілю. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.
Дом № 2. Пабудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы як жылы, атынкаваны. Трохпавярховы П-падобны ў плане будынак з рознавялікімі бакавымі крыламі. Плоскасць галоўнага асіметрычнага фасада з балконамі ў цэнтры завершана трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы прамавугольныя, з ліштвамі. Фасад аздоблены філёнгамі, міжпаверхавым прафіляваным поясам. Бакавы рызаліт вылучаны рустам, арачнымі броўкамі над вокнамі, 2 лучковымі ўваходнымі праёмамі. Лесвіцы вынесены ў тарцы бакавых крылаў. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму.
Дом № 3. Пабудаваны ў 2-й палове ХІХ – пачатку ХХ стст. у традыцыях «цагельнай» архітэктуры як жылы. Кампактны двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Архітэктурным дэкорам апрацаваны толькі галоўны фасад: міжпаверхавы філёнгавы пояс, лучковыя, клінападобныя аркі і фігурныя ліштвы акон, арнаментальны карніз. Планіроўка калідорная, з лесвіцай у цэнтры.
Дом № 4. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Галоўны фасад фланкіраваны ўваходнымі праёмамі, што вядуць у прыхожыя з лесвіцамі. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі і сандрыкамі. 1-ы паверх апрацаваны рустам, 2-і і 3-і вылучаны прафіляванымі і філёнгавымі паясамі. Завершаны буйным карнізам.
У 1906–1910 гг. у гімназіі, якая размяшчалася ў гэтым будынку, працаваў беларускі этнограф і фалькларыст М. Я. Нікіфароўскі. У 1996 годзе ў памяць пра гэта на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Будынак зараз выкарыстоўваецца як адміністрацыйны.
Дом № 5. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы, атынкаваны. Будынак трохпавярховы, мае форму выгнутага прамавугольніка. 1-ы паверх урэзаны ў рэльеф і трактаваны як цокальны, 2-і і 3-і вылучаны прафіляваным міжпаверхавым поясам і карнізам. Прамавугольныя і арачныя вокны верхніх паверхаў дэкарыраваны пластычнымі ліштвамі, філёнгамі. У цэнтры галоўнага і дваровага фасадаў уваходы ў будынак, з боку тарцовага фасада скразны праезд у двор. Планіроўка дома калідорная з 2 лесвічнымі вестыбюлямі ў цэнтры. Дом знесены ў 1997 годзе і адноўлены ў першапачатковым выглядзе.
Дом № 7. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. з цэглы як жылы. Двухпавярховы будынак значна развіты ў глыбіню двара і выходзіць на вуліцу невялікім фасадам галоўнага крыла. Мае сіметрычна-восевую кампазіцыю і ў цэнтры падкрэслены рызалітам. Вокны прамавугольныя. Да тарца дома далучаны аб'ём лесвічнай клеткі. Крапоўка фасада абмежавана міжпаверхавым поясам і завяршальным карнізам.
Дом № 8. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. з цэглы як жылы. Будынак двухпавярховы, у плане мае форму пяцівугольніка. Галоўны фасад сіметрычна-восевай кампазіцыі вылучаны ў цэнтры ўваходным праёмам з навесам. Крапоўку фасада складаюць арачныя нішы прамавугольных аконных праёмаў, міжпаверхавы пояс і завяршальны карніз простага профілю. Цэнтральнае месца ў плане дома займае вестыбюль з лесвіцай, вакол якога – памяшканні разнастайнай канфігурацыі. Выкарыстоўваецца навучальнай установай.
Дом № 13. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. з цэглы як жылы. Аднапавярховы квадратны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам з вальмай. Галоўны фасад расчлянёны 4 прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і завершаны карнізам простага профілю. Неатынкаваныя тарцовыя фасады пазбаўлены праёмаў і архітэктурнага дэкору. У забудове вуліцы дом з'яўляецца найбольш кампактным і маламаштабным. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.
Дом № 15. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы. Мае развітую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю са складанай канфігурацыяй плана: 3 рознавялікія крылы, што абмяжоўваюць унутраны двор. Галоўны асіметрычны фасад фланкіраваны балконамі, у цэнтры – уваходны праём. Плоскасць фасада раздзелена на кожным паверсе прафіляваным поясам і завершана карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы апрацаваны сандрыкамі, арачнымі нішамі. Будынак падзелены на шэраг секцый з самастойнымі ўваходамі, пераважна са двара. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму.
Забудова вуліцы Л. Талстога – прыклад горадабудаўнічага мастацтва Беларусі 2-й паловы ХІХ – пачатку ХХ стст.
ЛІТАРАТУРА
1. Волкова, Л. Наш город утратил еще одну неповторимую черту / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 1997. – 27 нояб. – С. 7.
2. Дощенко, М. По следам Толстого / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 17 мая. – С. 5.
3. Кочетов, С. Горисполком продал памятник / С. Кочетов // Витебский курьер. – 2005. – 22 апр. – С. 2.
4. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Л. Талстога / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 58–60.
5. Крупица, Н. Теплотрасса среди артефактов / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 30 мая. – С. 13.
6. Пастернак, Т. Новая жизнь «Брози» / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2006. – 23 снеж. – С. 5.
7. Подлипский, А. Имени графа Толстого / А. Подлипский ; фото М. Шмерлинга // Народнае слова. – 2005. – 12 ліп. – С. 6.
8. Подлипский, А. Там, где Витьба впадает в Двину / А. Подлипский // Народнае слова. – 1999. – 27 лiстап. – С. 6.
9. Рублеўскі, С. У конусе святла / С. Рублеўскі // Народнае слова. – 2005. – 12 ліп. – С. 6.
10. Толстого улица // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 356.
11. Хмельницкая, Л. В. Витебск за один день : путеводитель / Л. В. Хмельницкая. – Минск : Рифтур, 2013. – С. 20–23.