Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Забудова вуліцы Янкі Купалы. г. Віцебск

 

Вуліца Янкі Купалы (ранейшыя назвы Бібкін завулак, завулак Хайкіна) размешчана ў цэнтры горада. Яе працягласць каля 300 м, ад вуліцы Леніна да берага Заходняй Дзвіны. Першыя пабудовы на тэрыторыі вуліцы ўзніклі ў XVI ст. Сучасная забудова вуліцы сфарміравалася ў 2-й палове ХІХ – пачатку ХХ стст., стварае адзіны горадабудаўнічы комплекс.

Дом № 2/44. Знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Я. Купалы і Леніна. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы, неатынкаваны. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка зрэзана і вылучана на 2-м паверсе балконам. Лучковыя аконныя праёмы першага і прамавугольныя другога паверхаў маюць перамычкі ў выглядзе клінападобных цагельных арак і простыя ліштвы. Гарызантальныя чляненні фасадаў вылучаны міжпаверхавым філёнгавым поясам і завершаны карнізам. У цэнтры фасада – 2 уваходы.

Дом № 4. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы. Далучаны да дома № 2 і аддзяляецца ад яго арачным праездам ва ўнутраны двор. Аднапавярховы Г-падобны ў плане будынак з паўпадвалам, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны над карнізам высокім атыкам, апрацаваным аркатурай. Прамавугольныя аконныя праёмы ў арачным абрамленні з лапаткамі па баках. Мае 2 уваходы ў кожнае з крылаў дома.

Дом № 5. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. з цэглы ў стылі позняга класіцызму. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае агульнае сіметрычнае вырашэнне з рытмам лучковых аконных праёмаў. Яго пластыку ўзбагачаюць прафіляваныя ліштвы акон другога паверха, вуглавыя лапаткі, міжпаверхавы філёнгавы пояс. 1-ы паверх апрацаваны расшыўкай па тынку пад руст. Будынак мае сіметрычнае планіровачнае вырашэнне, цэнтральнай лесвічнай клеткай падзелены на 4 жылыя секцыі. Уваход са двара.

Дом № 7. Размешчаны ў сярэдзіне шчыльнага фрагмента забудовы паміж дамамі № 5 і № 9. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы, атынкаваны. Кампактны двухпавярховы дом накрыты двухсхільным дахам. Плоскасны сіметрычны галоўны фасад расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны на другім паверсе арачнымі сандрыкамі, пальметамі, прафіляванымі ліштвамі, карнізам і міжпаверхавым поясам. Уваход з лесвічнага вестыбюля дома № 9.

Дом № 8/7. На рагу вуліц Я. Купалы і Суворава. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы, атынкаваны. Двухпавярховы, мае ў плане форму няправільнага чатырохвугольніка. Вуглавая частка на скрыжаванні вуліц зрэзана і вылучана балконам. Падоўжаны фасад па вуліцы Суворава завершаны ў цэнтры фігурным атыкам. Плоскасці фасадаў крапаваны лапаткамі, рустам, філёнгамі. Кожны паверх падзелены на 4 кватэры, аб'яднаныя вакол цэнтральнай лесвічнай клеткі, уваход з боку двара.

Дом № 9. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з руставаным цокалем. Галоўны фасад плоскасны, мае прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, сандрыкамі, філёнгамі, крапаваны міжпаверхавым поясам, вуглавымі лапаткамі, дэкарыраваны фактурнай тынкоўкай. Планіровачна дом падзелены на 2 жылыя секцыі, уваход з боку двара праз вуглавую лесвічную клетку.

Дом № 10/18. На рагу вуліц Я. Купалы і Суворава. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. з цэглы. У архітэктуры выкарыстаны элементы і прыёмы канструктывізму. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны 2 уваходнымі рызалітамі, завершаны прамавугольным атыкам і фланкіраваны пілястрамі. Вуглавая частка будынка закруглена, завершана атыкам і вылу-чана балконам. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны фактурнымі філёнгамі, рустам. Плоскасці фасадаў крапаваны пілястрамі і руставанымі лапаткамі. Планіровачна будынак падзелены на 2 жылыя секцыі.

Дом № 11/9. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з цэглы як жылы. Двухпавярховы будынак складаецца з 2 узаемна перпендыкулярных крылаў уздоўж вуліц. Вуглавая частка на скрыжаванні вуліц зрэзана. Вулічныя фасады адрозніваюцца паміж сабой рознай апрацоўкай і формай аконных праёмаў. Фасад па вуліцы Суворава мае лучковыя праёмы з простымі ліштвамі, па вуліцы Я. Купалы – прамавугольныя з філёнгамі. Планіровачна дом падзелены на 3 часткі з самастойнымі ўваходамі са двара і лесвіцамі на другі паверх.

Дом № 13/20. На скрыжаванні вуліц Я. Купалы і Суворава. Пабудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму. Аднапавярховы будынак мае ў плане форму няправільнага чатырохвугольніка. Асіметрычна вырашаныя вулічныя фасады маюць прамавугольныя вокны з ліштвамі. Плоскасць фасадаў завершана філёнгавым фрызам і буйным карнізам. Капітальнымі ўнутранымі сценамі дом падзелены на 3 часткі з самастойнымі ўваходамі, якія вылучаны паўкалонамі з антаблементам, вуглавы ўваход крапаваны руставанымі лапаткамі.

Дом № 17. Стаіць адасоблена, завяршае забудову вуліцы. Пабудаваны ў традыцыях «цагельнай» архітэктуры канца ХІХ – пачатку ХХ стст. з чырвонай цэглы як жылы, неатынкаваны. Аднапавярховы квадратны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральная частка галоўнага, сіметрычнага па кампазіцыі фасада, дзе знаходзіцца ўваход, падкрэслена над карнізам фігурным шчытом з люкарнай. Вокны лучковыя. Насычаная пластыка фасада ствараецца мноствам краповак, філёнгаў, арак, русту, выкананых сродкамі цагельнай муроўкі. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.

З сярэдзіны 1990-х гадоў да вуліцы прымыкае гарадскі заапарк.

Забудову вуліцы Я. Купалы складаюць дамы разнастайных архітэктурных стыляў, што характэрна для горадабудаўніцтва Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Дамы № 2, 5, 7, 9, 17 уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебска.

 

 

Вуліца Янкі Купалы. г. Віцебск. Фота з сайта https://tut.byВуліца Янкі Купалы. г. Віцебск. Фота з сайта https://tut.byВуліца Янкі Купалы. г. Віцебск. Фота з сайта https://tut.by

ЛІТАРАТУРА

1. Жылая забудова ХІХ – пачатку ХХ ст. // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 31.

2. Кулагін, А. М. Забудова вуліцы Янкі Купалы / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 60–62.

3. Купалы Янки улица // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 214.

4. Якімовіч, Ю. А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 31.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Прогулки по незнакомому Витебску