Летні амфітэатр. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 13.04.2021 15:23
- Адноўлена 13.04.2021 10:12
Адкрыты летні тэатр у Віцебску з'яўляецца буйным відовішчным збудаваннем, разлічаным на правядзенне фестываляў, канцэртаў. Гэта галоўная сцэнічная пляцоўка Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Летні амфітэатр пачаў будавацца ў 1987 годзе для правядзення Усесаюзнага фестывалю польскай песні па праекце архітэктара В. А. Бабашкіна. Першы канцэрт у летнім амфітэатры – канцэртнай зале пад адкрытым небам – адбыўся ў 1988 годзе напярэдадні Першага Усесаюзнага фестывалю польскай песні.
Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя амфітэатра сфарміравана з улікам складанага рэльефу. Размешчаны на натуральным схіле, амфітэатр уяўляе сабой сістэму веерных сектараў з урэзаным у падтрыбунную прастору блокам бытавых і тэхналагічных памяшканняў. Зала была разлічана на 5000 месцаў. Двух'ярусная сцэна канцэртнай залы займае 430 м2. Казырок сцэны аснашчаны 200 пражэктарамі, пад верхнімі трыбунамі знаходзяцца службовыя памяшканні: кінарубка, памяшканне для гукарэжысёраў, побач са сцэнай – артыстычныя грымёркі. Рэканструкцыя амфітэатра праводзілася ў 1998 і 2001 гг.
У 2006 годзе распрацаваны праект мадэрнізацыі будынка, які прадугледжваў павелічэнне месцаў для гледачоў і стварэнне даху над амфітэатрам. Над праектам працавалі вучоныя і архітэктары інстытутаў Мінска, Брэста і Наваполацка. Генеральным праекціроўшчыкам стаў «Віцебскграмадзянпраект». Рэканструкцыя была завершана ў 2007 годзе.
Над амфітэатрам ўзведзена перакрыцце, якое ўяўляе сабой рашотчатую канструкцыю даўжынёй 120 м і вышынёй 25 м, усечаную з двух бакоў наклоннымі плоскасцямі (архітэктары В. Кяскевіч, А. Раманюк, Я. Дабруноў). У сярэдняй частцы канструкцыі размешчана аб'ёмная прасторавая арка пралётам 120 м. Апорная канструкцыя пакрыцця над сцэнай уяўляе сабой сістэму фермаў, якія падвешаны да металічнай аркі пралётам 54 м – кампазіцыйнай дамінанты збудавання. Перакрыцце складаецца з 18 тыс. металічных стрыжняў, якія замацаваны паміж сабой металічнымі «мячыкамі». Пад купалам усталявана каля 300 лямпаў, зманціравана новае светлавое абсталяванне – светадыёдная падсветка даху, на які можна вывесці любую выяву.
Зала для гледачоў павялічылася да 1500 месцаў. Глядзельныя месцы падзелены на дзевяць сектараў. Сцэна высунута на 1,5 м і прыўзнята над ніжнім радам амфітэатра на 1 м. Пабудаваны дадатковыя кулісы для артыстаў і рампа для загрузкі дэкарацый.
Культурна-спартыўны комплекс амфітэатра ўключае ў сябе тэнісныя корты, залы для заняткаў рытмічнай гімнастыкай і танцамі, рэстаран, казіно, магазіны. Пабудавана арт-кафэ «Маэстра» на 60 месцаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце : у 4 т. / рэдкал.: А. І. Лакотка [і інш.] ; [навук. рэд. А. І. Лакотка]. – Мінск : Беларуская думка, 2009. – Т. 4, кн. 2 : XX – пачатак XXI ст. – С. 600.
2. Голесник, С. Сцена – мульти, удовольствие – макси / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2007. – 4 авг. – С. 19.
3. Драган, В. И. Экспериментально-теоретическое обоснование несущей способности металлического покрытия Летнего амфитеатра в Витебске / В. И. Драган, В. В. Люстибер // Перспективы развития новых технологий в строительстве и подготовке инженерных кадров Республики Беларусь : сборник трудов XV Международного научно-методического семинара, 27–28 ноября 2008 г. : в 2 т. / под общ. ред. Д. Н. Лазовского, А. А. Хотько. – Новополоцк : ПГУ, 2008. – Т. 1. – С. 140–145.
4. Зафатаев, А. Реконструкция Летнего амфитеатра в Витебске / А. Зафатаев // Архитектура и строительство. – 2007. – № 2. – С. 40–41.
5. Кавалеўскі, С. Унікальны дах за 9 месяцаў / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2016. – 7 июля. – С. 22.
6. Мартинович, В. На строительстве Витебского амфитеатра: репортаж с крыши / В. Мартинович // Архитектура и строительство. – 2007. – № 2. – С. 42–45.
7. Морозова, В. Уникальный объект – уникальному фестивалю / В. Морозова // Архитектура и строительство. – 2007. – № 3. – С. 18–21.
8. Новая шляпа для Летнего амфитеатра // Мастерская. – 2007. – № 1–2. – С. 20.
9. Салаўёва, Т. Віцебскі фестываль пройдзе ў абноўленым амфітэатры / Т. Салаўёва // Культура. – 2007. – 9–15 чэрв. – С. 2.
10. Сергачоў, С. А. Амфітэатр / С. А. Сергачоў // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 145.
11. Станкевич, В. Летний амфитеатр обновляется / В. Станкевич // Советская Белоруссия. – 2006. – 7 сент. – С. 8.
12. Стражинский, А. Под крышей дома своего... / А. Стражинский // Культура. – 2007. – 6–13 ліп. – С. 9–11.
13. Пастернак, Т. Другого такого в Европе нет / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2007. – 2 чэрв. – С. 8.
14. Тузков, П. Авторские линии Вячеслава Бабашкина / П. Тузков // Народнае слова. – 2008. – 6 лістап. – С. 9.