Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 13.04.2021 15:23
- Адноўлена 13.04.2021 10:25
Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча знаходзіцца на рагу вуліц Суворава і Чэхава, 11/44. Помнік архітэктуры неакласіцызму. Згодна з праектам епархіяльнага архітэктара А. М. Кляменцьева планіравалася, што будынак будзе даволі вялікім: па Афіцэрскай (зараз Суворава) вуліцы – 22 пагонныя сажні, па 1-й Ветранай (зараз Чэхава) – 17 пагонных сажняў. Меркавалася, што ў ім будуць знаходзіцца 5 класаў, дамавая царква, актавая зала, сталовая і спальныя пакоі на 100 і больш вучняў, кватэры для кіраўнікоў, наглядчыкаў, аканомаў, памяшканні для праўлення і бібліятэкі, а ў падвальным памяшканні – кухня, пакоі для служыцеляў.
Будаўніцтва пачалося ў 1890 годзе на месцы хутара віцебскіх купцоў Баруновых. Скончана праз два гады. Трэці паверх быў надбудаваны пазней, прыкладна ў 20-я гады ХХ ст.
Унутраная планіроўка мураванага чатырохпавярховага Г-падобнага ў плане будынка з цэглы; калідорная, з боку галоўнага ўваходу, – парадны вестыбюль і цэнтральная лесвіца, на трэцім паверсе – актавая зала. Галоўны фасад (па вуліцы Чэхава) вылучаны цэнтральным рызалітам, завершаны трохвугольным франтонам. Цэнтральны рызаліт насычаны дэкаратыўнымі элементамі: ляпныя накладныя дэталі, канеліраваныя калонкі, паўцыркульныя нішы і інш. Фасад па вуліцы Суворава мае 2 бакавыя рызаліты з трохвугольнымі франтонамі. Паверхі падзелены прафіляванымі паяскамі і маюць разнастайны дэкор. 1-ы паверх трактуецца як цокальны, сцены 2-га пакрыты рустам, 3-і паверх упрыгожаны плоскімі пілястрамі, яго паўцыркульныя аконныя праёмы дэкарыраваны арачнымі ліштвамі. Паміж прамавугольнымі аконнымі праёмамі 4-га паверха – шырокія лапаткі. У дэкаратыўным вырашэнні яго фасада выявіліся эклектычныя матывы.
Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку вучылішча размяшчаўся ваенны шпіталь. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ўсе духоўныя вучылішчы былі зачынены. У 1918 годзе пасля закрыцця шпіталя будынак быў муніцыпалізаваны. У перыяд з 1918 па 1941 гг. тут працавалі: савпартшкола імя Энгельса, педвучылішча, рабфак, 2-месячныя педагагічныя курсы, народная мастацкая школа, мастацкія майстэрні, мастацка-практычны інстытут, мастацкі тэхнікум (у 1939 годзе рэарганізаваны ў мастацкае вучылішча, існавала да 1941 года). У навучальных установах выкладалі мастакі I. В. Ахрэмчык, Л. М. Бразер, В. В. Волкаў, М. В. Дабужынскі, М. А. Керзін, Л. М. Лейтман, Я. С. Мінін, М. П. Міхалап, Ю. М. Пэн і іншыя, навучаліся народны мастак СССР 3. I. Азгур, народны архітэктар СССР У. Л. Кароль, народныя мастакі БССР А. А. Бембель, А. К. Глебаў, Я. А. Зайцаў, В. К. Цвірка, заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР П. В. Масленікаў, У. П. Сухаверхаў і інш.
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак быў пашкоджаны пажарам. У 1947 годзе рашэннем выканкама Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных памяшканне і ўчастак былі перададзены для рэканструкцыі Віцебскаму мастацка-графічнаму педагагічнаму вучылішчу, якое ў пачатку 1960-х гадоў было пераўтворана ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава.
Зараз у будынку знаходзіцца адзін з факультэтаў (педагагічны) Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава і іншыя ўстановы.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Старые дома / І. Абрамова// Витебский курьер. – 2005. – 15 июля. – С. 4.
2. Будынак мужчынскага духоўнага вучылішча // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 597–598.
3. Бынькоў, А. Ад Ветранай да Чэхава: усяго 300 метраў у даўжыню мае адна з самых старадаўніх вуліц абласнога цэнтра / А. Бынькоў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 11 июля. – С. VII.
4. Грамадскія і мемарыяльныя збудаванні // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 17–18.
5. Дощенко, М. В духе просвещения / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 5 июля. – С. 5.
6. Здание бывшего мужского духовного училища // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 24.
7. Падліпскі, А. Вуліца Чэхава / А. Падліпскі // Віцебскі рабочы. – 1986. – 14 чэрв. – С. 4.
8. Титова, Н. И. Записки из блокнота, или Прогулка по улице Чехова / Н. И. Титова // Віцебскі край : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння М. Я. Нікіфароўскага, 5 лістапада 2015 г., Віцебск / рэдкал.: Т. Н. Адамян [і інш.] – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2016. – Т. 1 – С. 142 –147.
9. Церашчатава, В. В. Мужчынскае духоўнае вучылішча / В. В. Церашчатава, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭімя П. Броўкі, 1985. – С. 72.
10. Чарняўская, Т. І. Віцебскае духоўнага вучылішча будынак / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 119.