Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Будынак пазямельна-сялянскага банка. г. Віцебск

 

Будынак пазямельна-сялянскага банка ў г. Віцебску размешчаны на рагу вуліц Даватара і Баўмана, 7/11 (у перыяд будаўніцтва ў пачатку ХХ ст. на рагу вуліц Нікольская і Аляксееўская).

Будаўніцтва мураванага будынка, прызначанага спецыяльна для банка, пачалося ў 1913 годзе (вялося з перапынкамі) і скончана толькі ў пачатку 1917 года (архітэктар К. Тарасаў). Да гэтага часу банк размяшчаўся ў арандаваным прыватным будынку, які належаў віцебскай сям'і Магучых на Гогалеўскай вуліцы (сучасная назва – вуліца Леніна, 20).

Але банк неўзабаве, пасля пераезду ў новы будынак, перастаў функцыянаваць і канчаткова спыніў сваю дзейнасць у пачатку 1919 года. На працягу свайго далейшага існавання будынак пазямельна-сялянскага банка неаднаразова мяняў сваіх уладальнікаў. Тут размяшчалася губернскае статыстычнае бюро, ваенны хірургічны шпіталь. У пачатку 20-х гадоў ХХ ст. у будынку пачаў працаваць сельскагаспадарчы тэхнікум, на базе якога ў 1924 годзе быў створаны ветэрынарны інстытут, зараз гэта Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.

Двухпавярховы Е-падобны ў плане будынак пазямельна-сялянскага банка – прыклад грамадзянскай архітэктуры стылю «мадэрн», з трох бакоў фланкіраваны вежамі. Вежа на рагу вуліц вылучаецца вялікім маштабам, мае выразныя карнізныя чляненні машыкуляў і высокі трох'ярусны шацёр з галоўкай. Архітэктура будынка вылучаецца не толькі складанымі формамі, але і разнастайнымі дэкаратыўнымі дэталямі: складаным абрамленнем аконных праёмаў, бочкападобнымі балясінамі, глыбокай рустоўкай сцен першага паверха і інш. Галоўны ўваход (з вуліцы Баўмана) завяршаецца кілепадобным франтонам з мазаічным маёлікавым пано, у цэнтры якога – герб Віцебска (зацверджаны ў 1781 годзе). У дэкаратыўным аздабленні выкарыстаны элементы псеўдарускай архітэктуры. Планіроўка калідорная. На 1-м паверсе знаходзіліся вестыбюль, прыёмная, службовыя кабінеты, кватэра кур'ера, на 2-м – зала пасяджэнняў, кабінеты і кватэры адміністрацыі. Падвальнае памяшканне выкарыстоўвалася для санітарна-тэхнічных службаў і архіва.

Пры ўзвядзенні будынка былі выкарыстаны новыя на той час прагрэсіўныя будаўнічыя матэрыялы. Міжпаверхавыя перакрыцці, лесвічныя прыступкі і падаконныя пліты зроблены з жалезабетону, сталярка – з лепшых парод дуба. Маляўнічасць сілуэта, багатая гама фактурна-каляровых рашэнняў, своеасаблівы рытм ліній і формаў ставяць будынак віцебскага банка ў шэраг лепшых архітэктурных твораў горада.

Будынак пазямельна-сялянскага банка з'яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.

 

Будынак пазямельна-сялянскага банка. г. Віцебск. Фота з сайта http://evitebsk.comБудынак пазямельна-сялянскага банка. г. Віцебск. Фота з сайта https://traveling.by

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Крестьянский поземельный банк / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2005. – 4 нояб. – С. 4.

2. Академия ветеринарной медицины // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск :Рифтур, 2006. – С. 25.

3. Бондарева, Е. М. Здание бывшего крестьянского поземельного банка в г. Витебске и его обитатели / Е. М. Бондарева // Віцебскі край : матэрыялы IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, 22 лістапада 2018 г., Віцебск / рэдкал.: Т. Н. Адамян [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – Т. 4. – С. 31–35.

4. Будынак пазямельна-сялянскага банка // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 598–599.

5. Будынак пазямельна-сялянскага банка // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 14–17.

6. Ветеринарный институт // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 91.

7. Витебского поземельног-крестьянского банка здание // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 248.

8. Дощенко, М. Увидеть замок / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 25 окт. – С. 5.

9. Лапцэвіч, Л. Г. Пазямельна-сялянскі банк / Л. Г. Лапцэвіч, В. М. Чарнатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 73–74.

10. Подлипский, А. Крестьянский поземельный / А. Подлипский // Народнае слова. – 2003. – 20 мая. – С. 6.

11. Подлипский, А. Улица Ленина, 18, 20 / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2018. – 64 с. – (Биография витебского дома. Вып. VIII).

12. Чарнатаў, В. М. Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак / В. М. Чарнатаў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 119.

13. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – С. 154–156.