Вежа «Духаўскі круглік». г. Віцебск
- Подробности
- Створана 14.04.2021 15:23
- Адноўлена 14.04.2021 09:26
«Духаўскі круглік» (іншая назва «Нарожная»), вуглавая вежа Ніжняга замка. Знаходзілася ў раёне сучаснай вуліцы Фрунзэ, 13. На прыкладзе гэтай вежы прасочана планіроўка і тэхніка будаўніцтва вежаў замка (археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Ніжняга замка праводзілі: Г. В. Штыхаў у 1963–1964, 1966, 1972 гг.; В. М. Ляўко ў 1976 годзе; М. А. Ткачоў у 1977–1978 гг.; М. А. Дзмітрыеў у 1979 годзе; Т. С. Бубенька ў 1981–1989 гг., у 1983–1984 гг. разам з М. А. Ткачовым).
Вежа нагадвала перакошаны рознабаковы чатырохвугольнік памерамі 6,9х8,2х6,7х8 м. У якасці фундамента пад збудаванне была падведзена нівеліровачная падушка з буйназярністага пяску. Замкавыя сцены стаялі непасрэдна на старажытным грунце. Таўшчыня сцен 1,1–1,8 м. Вышыня вежы не перавышала 12–13 м (на думку М. А. Ткачова) і прадугледжвала наяўнасць не больш чым трох ярусаў, з якіх ніжні быў складзены з валуноў, верхнія – у тэхніцы так званай лусковай муроўкі. Завяршалася вежа стромкім чатырохсхільным дахам, пакрытым паўцыркульнай чарапіцай, вядомай пад назвай «манастырская». 3 боку двара ў сцяне меўся дзвярны праём (0,8 м ад нізу вежы). Дзверы адчыняліся ўнутр памяшкання. У прыступнай сцяне размяшчалася байніца ніжняга бою. Адсутнасць у тоўшчы сцен каналаў і лесвіц азначае, што сувязь паміж ярусамі ажыццяўлялася праз спецыяльныя люкі ў перакрыццях і па драўляных лесвіцах, якія маглі быць прыстаўнымі. На ўзроўні аднаго з верхніх ярусаў, верагодна, ажыццяўлялася сувязь з замкавай сцяной. Па аналогіі з іншымі помнікамі гэтага перыяду вежа, магчыма, мела баявую галерэю, таксама пакрытую чарапіцай.
Пачаткам сучаснай гісторыі «кругліка» трэба лічыць археалагічныя раскопкі 1984 года, калі быў адкрыты развал падмурка каменнай вежы. У 1988 годзе рэшткі падмурка былі закансерваваны. У 1980-я гады М. А. Ткачоў распрацаваў праект рэканструкцыі вежы, у якой меркавалася адкрыць музей зброі. Гэты праект не быў рэалізаваны.
Але ў 2007 годзе ў ходзе работ па рэканструкцыі летняга амфітэатра ў Віцебску была зроблена і мастацкая рэканструкцыя вежы XIV ст. Сама новая вежа значна змянілася, хаця па форме нагадвае сярэдневяковыя будынкі. Гэта аўтарскі праект, выкананы архітэктарам Р. Лядэнка. Памеры вежы 9,2х9,2 м, вышыня – 27 м. Вежа мае 5 узроўняў і тут знаходзіцца выставачная зала «Духаўскі круглік» ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"». Аўтар экспазіцыі – віцебскі мастак А. Вышка. На першым узроўні знаходзіцца адкрыты развал падмурка каменнай вежы XIV ст. і рэшткі абарончых сцен. На другім узроўні размяшчаецца план горада Віцебска, вядомы па «Чарцяжы 1664 года», малюнкі вежаў, храмаў, будынкаў старажытнага горада ў спалучэнні з фотаздымкамі відаў горада канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Экспазіцыя трэцяга і чацвёртага ўзроўняў прысвечана гісторыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Пяты ўзровень з'яўляецца апошнім і завяршаецца шкляным купалам са спецыяльнай (назіральнай) пляцоўкай, з якой адкрываецца панарама горада.
ЛІТАРАТУРА
1. Бубенька, Т. С. Духаўскі круглік / Т. С. Бубенька , М. А. Ткачоў // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С.
2. Дашкевич, В. Душа города живёт здесь / В. Дашкевич // Витебский проспект. – 2012. – 1 нояб. – С. 6.
3. Дашкевіч, В. Пра што расказаў круглік / В. Дашкевіч // Витебский проспект. – 2010. – 8 апр. – С. 6.
4. Дедюро, Л. Новая жизнь «Духовского круглика» / Л. Дедюро // Вiцебскi рабочы. – 2007. – 7 ліп. – С. 4.
5. Духовской круглик [Изоматериал] = Dukhovskoi kruglik: от князя Ольгерда до «Славянского базара в Витебске» / фото: А. Хитров. – Витебск : Центр культуры «Витебск» : Дирекция Международного фестиваля искусств «Славянский базар в Витебске», [2017?]. – 46 с.
6. Ивченко, Л. Серьезная история одного курьеза / Л. Ивченко // Віцебскі рабочы. – 2012. – 6 лістап. – С. 5.
7. Ляденко, Б. В. И будет здесь Духовский круглик / Б. В. Ляденко ; беседовала О. Крученкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2007. – 20 янв. – С. 1–2.
8. Ціхачова, Г. Духаўскі круглік / Г. Ціхачова // Мы і час (Віцебск). – 2011. – 12 снеж. – С. 4.