Дом спецыялістаў. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 14.04.2021 15:23
- Адноўлена 14.04.2021 09:35
Віцебскі жылы дом спецыялістаў знаходзіцца на вуліцы 1-я імя Даватара, 14/9. Дом спецыялістаў – помнік архітэктуры 1930-х гадоў, перыяду сацыялістычнай рэканструкцыі гарадоў, характэрны прыклад жылых дамоў магістральнага тыпу. Пабудаваны ў 1932–1935 гг. (архітэктар С. Прэзьма) як жылы дом для вядучых спецыялістаў горада. Дамы такога тыпу ствараліся па спецыяльных праектах, якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, паляпшэнне абсталявання бытавых памяшканняў.
У кампазіцыі будынка выкарыстаны прыём вылучэння вуглавой пяціпавярховай часткі, якая кантрастуе з падоўжаным чатырохпавярховым аб'ёмам. Выразнасць фасадаў дасягнута рытмічнай групоўкай аконных праёмаў, балконаў з глухімі агароджамі, увядзеннем у пластыку лоджый і эркераў, вылучэннем вертыкальнага зашклення лесвічных клетак. Перакрыцце бэлечнае. Дом складаецца з секцый, на лесвічную пляцоўку выходзяць 2 кватэры (трох- і чатырохпакаёвая). У доме 50 кватэр. У вуглавых секцыях дома – магазін.
У гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 чэрвеня 1944 года капітан 881-га стралковага палка 158-й стралковай дывізіі Д. В. Мясаедаў узняў на доме спецыялістаў чырвоны сцяг. У 1959 годзе ў гонар гэтай падзеі на будынку была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Будынак уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
ЛІТАРАТУРА
1. Воінаў, А. А. Дом спецыялістаў / А. А. Воінаў, М. К. Кошалеў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 53.
2. Воінаў, А. А. Жылы дом спецыялістаў / А. А. Воінаў // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 628.
3. Дом специалистов // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 170.
4. Любочка, С. Дом специалистов / С. Любочка // Твой город (Витебск). – 2013. – 12 дек. – С. 6.
5. Подлипский, А. Улица 1-я Доватора, 14/9 / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2017. – 56 с. – (Биография витебского дома. Вып. II).
6. Соловьева, Т. Витебские символы эпохи конструктивизма / Т. Соловьева // Твой город (Витебск). – 2014. – 20 нояб. – С. 5.