Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Жаночае епархіяльнае вучылішча. г. Віцебск

 

Будынак жаночага епархіяльнага вучылішча знаходзіцца на вуліцы Гогаля, 6. Пабудаваны ў 1902 годзе з цэглы (архітэктары А. К. Паўлоўскі і П. А. Вінаградаў). Будынак – прыклад грамадскіх збудаванняў пачатку ХХ ст., адыгрывае значную ролю ў сілуэце горада.

Помнік архітэктуры, дзе сумяшчаюцца рысы класіцызму і неакласіцызму; размешчаны на былой паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, на так званай Духавай гары. Паводле пісьмовых крыніц, з XIV ст. на гэтым месцы існавала царква Святога Духа і манастыр, спачатку – жаночы, потым – мужчынскі. Каля 1697 года тут быў адноўлены жаночы базыльянскі манастыр, і ў 1793 годзе пабудаваны манастырскі корпус. Да яго прымыкаў драўляны дом, у якім размяшчалася жаночае вучылішча Свята-Духаўскага базыльянскага манастыра. У пачатку ХІХ ст. царква і манастырскія будынкі прыйшлі ў заняпад. 2 красавіка 1864 года па распараджэнні Свяцейшага Сінода ў г. Віцебску было адкрыта Полацкае жаночае вучылішча духоўнага ведамства, для патрэб якога меркавалася прыстасаваць адноўлены манастырскі корпус. Да 1872 года праект перабудовы манастырскіх будынкаў быў часткова рэалізаваны, і вучылішча з арэндаванага памяшкання перавялі ў былы Свята-Духаў манастыр. З цягам часу паўстала пытанне пра будаўніцтва новага будынка для вучылішча, узвядзенне якога на падмурках старога манастырскага корпуса было завершана ў 1902 годзе.

У жніўні 1914 года будынак жаночага епархіяльнага духоўнага вучылішча быў перададзены Віцебскаму камітэту Усерасійскага земскага саюза. Тут, падчас Першай сусветнай вайны, быў размешчаны разам са шпіталем Віцебскі камітэт саюза дапамогі раненым і хворым воінам, які знаходзіўся ў гэтым будынку да 1918 года. Потым у будынку размяшчаліся розныя ваенныя ўстановы: Віцебскі губернскі ваенны камісарыят, Віцебская губернская ваенна-інжынерная дыстанцыя, 45-я пяхотныя камандзірскія курсы, штаб авіяцыйных часцей. І толькі пасля 1938 года ў будынку былога вучылішча размясціўся абласны выканаўчы камітэт, які знаходзіцца тут па сённяшні дзень.

З усяго архітэктурнага комплексу жаночага епархіяльнага вучылішча захаваліся толькі галоўны корпус і гаспадарчы флігель. Галоўны корпус займае самае высокае месца на гары. Гэта мураваны трохпавярховы (яшчэ адзін паверх паўпадвальны) Е-падобны ў плане будынак. Галоўным працяглым фасадам будынак выходзіць на вуліцу Гогаля, бакавыя крылы ўтвараюць унутраны дворык. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстаны прынцыпы класіцызму: сіметрычная планіровачная структура, выдзяленне фасада цэнтральным і бакавымі рызалітамі і інш. У цэнтры галоўнага фасада шырокі рызаліт з парадным порцікам, што вядзе ў прасторны вестыбюль. Масіўныя слупы порціка падтрымліваюць балкон актавай залы на другім паверсе. Бакавыя рызаліты фланкіруюць галоўны фасад. Аконныя праёмы прамавугольныя; на другім паверсе арачныя з кілепадобнымі ліштвамі. Сцены 1-га паверха аздоблены рустам, 2-га – гладкія, маюць дэкаратыўныя ліштвы, 3-і паверх завершаны развітым прафіляваным карнізам. Афарбоўка фасадаў двухколерная; дэкаратыўныя элементы, цягі, карнізы, ліштвы вылучаны белым колерам на фоне вохрыста-залацістых сцен. Планіроўка галерэйная. У цэнтры былі парадны вестыбюль і трохмаршавая лесвіца, на 1-м і 2-м паверхах – класы, на 3-м – спальныя памяшканні, на цокальным паверсе – сталовая і кухня.

У 1948 годзе ў Віцебскім філіяле інстытута «Белдзяржпраект» распрацаваны праект пасляваеннага аднаўлення будынка былога вучылішча. Аўтары праекта Катакін і Жылка. Пры аднаўленні стылістыка фасадаў захавалася, часткова рэканструявана фасадная сцяна левага крыла, знізу замураваны аконныя праёмы. У 90-я гады побач з будынкам былога вучылішча пабудаваны новы корпус і вежа з гадзіннікам.

 

 

1.jpg

ЛІТАРАТУРА

1. Будынак жаночага епархіяльнага вучылішча // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 598.

2. Витебского женского епархиального училища здание // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 247.

3. Грамадскія і мемарыяльныя збудаванні // Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. : навукова-папулярнае выданне / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Полымя, 1990. – С. 10–12.

4. Дощенко, М. Здание с девичьей душой / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 28 июня. – С. 5.

5. Здание бывшего женского епархиального училища // Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкая ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – С. 26.

6. Исполком Витебского областного Совета народных депутатов // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – C. 196–197.

7. Кавалеўскі, С. «Ратуша на Духавай гары» / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2017. – 2 дек. – С. 10.

8. Лукьянова, Н. Как с картинки... / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2004. – 19 жн. – С. 2.

9. Подлипский, А. М. Улица Гоголя, 6 / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2017. – 96 с. – (Биография витебского дома. Вып. III)

10. Половцев, В. Новая жизнь через полвека / В. Половцев ; беседовала Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2004. – 19 авг. – С. 3.

11. Фролова, С. Фасад окнами в историю / С. Фролова // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 28 жн. – С. 5.

12. Чарнатаў, В. М. Віцебскае жаночае епархіяльнае вучылішча будынак / В. М. Чарнатаў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 119.

13. Чарнатаў, В. М. Жаночае епархіяльнае вучылішча / В. М. Чарнатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 55.

14. Шпыркоў, А. Ратуша на Духавай гары / А. Шпыркоў // Віцебскі рабочы. – 1990. – 19 ліп. – С. 1, 3.

15. Якімовіч, Ю. І няма шляхоў да адраджэння... / Ю. Якімовіч // Віцебскі рабочы. – 1993. – 27 сак. – С. 5.