Будынак народнага мастацкага вучылішча (дом І. В. Вішняка). г. Віцебск
- Подробности
- Створана 14.04.2021 15:23
- Адноўлена 14.04.2021 13:37
Будынак былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (дом І. Вішняка) знаходзіцца на вуліцы Марка Шагала, 5. Да 1918 года ён належаў віцебскаму банкіру, купцу І. В. Вішняку. У 1880-я гг. ён адкрыў у г. Віцебску банкірскую кантору, якая праіснавала да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. 11 красавіка 1912 года купец 1-й гільдыі І. В. Вішняк падаў у Віцебскую гарадскую ўправу прашэнне аб дазволе пабудаваць «каменны дом і надворныя службы па Васкрасенскай вуліцы г. Віцебска». Дазвол быў атрыманы і тады ж пачалося будаўніцтва. У 1913 годзе дом быў пабудаваны. Вуліца Васкрасенская некалькі разоў мяняла сваю назву. Яна была Васкрасенскім завулкам, вуліцай Бухарынскай, Абароннай, Авіяцыйнай, «Праўды» і, зараз, Марка Шагала. У 1918 годзе асабняк нацыяналізавалі і перадалі народнаму мастацкаму вучылішчу, якое заснаваў Марк Шагал, упаўнаважаны па справах мастацтваў Віцебскай губерні. У тым жа годзе вуліцу Васкрасенскую перайменавалі ў Бухарынскую. Вучылішча размяшчалася па адрасе: вуліца Бухарынская, 10. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў студзені 1919 года. Гэта была першая мастацкая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Назва навучальнай установы змянялася некалькі разоў: першая вышэйшая мастацкая вучэльня (1919–1920), свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні (1920–1921), вышэйшыя дзяржаўныя мастацка-тэхнічныя майстэрні (1921–1922), дзяржаўны мастацка-практычны інстытут (1922–1923). У будынку размяшчаліся таксама майстэрні УНОВИСа. У гэтым жа будынку з кастрычніка 1919 па 1922 гг. жыў К. Малевіч.
Сам будынак добра захаваўся да цяперашняга часу. Ён ацалеў падчас рэвалюцыі, у гады Вялікай Айчыннай вайны, пры глабальнай перапланіроўцы горада. Гэта 2-павярховы каменны будынак з паўпадвальным памяшканнем. Тут была парадная з бакавымі калонамі, пры ўваходзе знаходзілася галандская кафляная печ. На ніжнім паверсе знаходзіліся тры хады, пярэдняя, 9 пакояў, ванная з прыбіральняй, кухня, калідор, калідор-вітальня, ватарклазет, 2 печы, 18 батарэй, два душы. На верхнім паверсе – тры хады, пярэдняя, 8 пакояў, ванная і прыбіральня, кухня, два калідорчыкі, ватарклазет, галерэя над лесвіцай, балконныя дзверы, 14 батарэй. У паўпадвале – калідор, пакой, лазня, качагарка, кладоўка, руская печ. Побач з домам знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, агарод, сад. А вось памяшканні ўнутры за гады існавання будынка былі перароблены пад патрэбы тых устаноў, якія тут размяшчаліся (музычны тэхнікум, паліклініка, дзіцячыя дамы, упраўленні будтрэстаў № 8 і № 9, вылічальны цэнтр).
Будынак быў перададзены музею гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, філіялу УК «Музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва"». Першапачатковая планіроўка будынка была адноўлена. Гэта зроблена згодна з «Планам дома № 10 па Бухарынскай вуліцы 1923 года», які ўключае ў сябе планы ніжняга і верхняга паверхаў з указаннем памераў пакояў. Цалкам адноўлены вонкавы выгляд будынка – зроблены біёлага-хімічны аналіз вонкавых сцен і будынак афарбаваны менавіта так, як ён выглядаў пры першым уладальніку. Адноўлены тыпавы інтэр'ер пачатку XX ст., фрагментарна адкрыта аўтэнтычная кладка сцен, зроблены зандаж старой тынкоўкі. На другім паверсе адноўлены кабінеты Шагала і Малевіча, майстэрня Лісіцкага. Іх рэстаўрыравалі па старых фатаграфіях, якія захаваліся, апісаннях. У кабінеце Марка Шагала, напрыклад, акрамя адноўленых паркета і шпалераў, ёсць і старадаўняя мэбля: шафа, канапа, маленькі столік.
Афіцыйнае адкрыццё Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбылося 9 лютага 2018 года.
Будынак з'яўляецца гісторыка-культурным помнікам, які аднесены да 2-й катэгорыі каштоўнасцяў, помнікам архітэктуры пачатку XX ст. (тып гарадскога асабняка), уключаным у спіс помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння. У інтэр'ерах музея шмат сучасных дызайнерскіх рашэнняў. Адна са славутасцяў музея – гранітая падлога ў холе, выкладзеная па эскізах знакамітага плаката Э. Лісіцкага «клінам чырвоным бі белых», створанага ў 1919–1920 гг., калі мастак-супрэматыст выкладаў у віцебскім вучылішчы.
На фасадзе будынка знаходзіцца мемарыяльная дошка ў гонар УНОВИСа (скульптар В. Магучы) і дошка, прысвечаная Марку Шагалу (аўтар С. Сотнікаў).
ЛІТАРАТУРА
1. Дашкевіч, В. Дом з мастацкімі «прывідамі» / В. Дашкевіч // Звязда. – 2013. – 27 жн. – С. 6.
2. Дашкевич, В. Судьба старого дома / В. Дашкевич // Витебский проспект. – 2012. – 3 мая. – С. 22.
3. Дрындрожык, Н. Уздоўж па Шагалаўскай / Н. Дрындрожык // Звязда. – 2016. – 18 чэрв. – С. 12.
4. Духовников, А. «В Витебске были заложены основы мирового дизайна» / А. Духовников ; беседовала Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 22 окт. – С. 6.
5. Котович, Т. В. Особняк Вишняка = Школа Шагала : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ имени П. М. Машерова, 2017. – 52 с.
6. Крупица, Н. Музей для мирового искусства / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 12 дек. – С. 2.
7. Овсепьян, И. Музейный квадрат / И. Овсепьян // СБ. Беларусь сегодня. – 2018. – 13 февр. – С. 13.
8. Пастернак, Т. Дом с историей: в областном центре открылся музей истории Витебского народного художественного училища / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 13 февр. – С. 4.
9. Хмельницкая, Л. Несколько фактов из истории одного здания / Л. Хмельницкая // Бюллетень музея Марка Шагала. – 2002. – № 2. – С. 23–24.
СПАСЫЛКІ