Будынак клуба металістаў. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 14.04.2021 15:23
- Адноўлена 31.01.2022 08:48
Будынак былога клуба металістаў знаходзіцца на вуліцы Энгельса, 2, на набярэжнай Заходняй Дзвіны. Пабудаваны ў стылі канструктывізму ў 1932 годзе (па іншых звестках у 1929 годзе) па тыпавым праекце «Б», распрацаваным архітэктарамі А. Я. Васільевым і Л. І. Панамаровай. Праект апублікаваны ў кнізе «Клубы металлистов. Проекты типовые и утвержденные к постройке в 1928 году», выдадзенай у Маскве.
У гады Вялікай Айчыннай вайны, з 25 ліпеня па снежань 1941 года, у ім знаходзіліся вязні яўрэйскага гета. Пасля вызвалення Віцебска ў чэрвені 1944 года клуб быў адноўлены адным з першых гарадскіх будынкаў. У ім размяшчаўся драматычны тэатр імя Я. Коласа. З 29 лістапада па 3 снежня 1947 года ў клубе металістаў праходзіў суд над нямецкімі карнікамі.
У 1959 годзе, праз два гады пасля пераезду коласаўцаў у новае памяшканне, у былым клубе металістаў быў адкрыты Дом культуры Віцебскага раёна, які знаходзіўся ў ім да 2006 года. Потым доўгія гады будынак не эксплуатаваўся, пачаў разбурацца. У 2009 годзе ў выніку пажару на трэцім паверсе быў пашкоджаны інтэр'ер. У 2011 годзе было вырашана адрамантаваць будынак і перадаць Беларускаму тэатру «Лялька». Але гэтага не здарылася.
Пачынаючы з 2016 года, будынак былога клуба металістаў выстаўляўся на таргі як помнік архітэктуры, які можна выкарыстоўваць пад культурна-асветніцкія ці забаўляльныя ўстановы альбо для іншага функцыянальнага прызначэння. Асноўная ўмова – захаванне яго як каштоўнага гісторыка-культурнага аб'екта і нязменнасці вонкавага аблічча. У канцы 2020 года будынак былога клуба металістаў прададзены на аўкцыёне камітэта «Віцебскаблмаёмасць». Пасля правядзення рэканструкцыі новы ўладальнік плануе адкрыць тут культурна-забаўляльны цэнтр. З улікам стану будынка і яго статусу на рэалізацыю планаў неабходна не менш 3 гадоў.
Будынак клуба металістаў мае складаную канфігурацыю плана. Складаецца з 2 груп памяшканняў, якія маюць самастойныя ўваходы і аб'яднаны вестыбюлем. 1-я група – відовішчная, уключае вестыбюль, фае, універсальную глядзельную залу, спартыўную залу (прыбудавана ў 40-я гады), дапаможныя памяшканні. Фае, вестыбюль і зала маюць натуральнае асвятленне. Месцы ў глядзельнай зале размешчаны ў партэры, злучаным з фае 1-га паверха, і на балконе, злучаным з фае 2-га паверха. З балкона ёсць выхад на тэрасу. 2-я група памяшканняў – клубна-гуртковая, размешчана ў двухпавярховай частцы, якая пад прамым вуглом прылягае да асноўнага аб'ёму. Вонкавы выгляд і інтэр'еры вызначаюцца строгасцю архітэктурных формаў.
Вялікія плоскасці шклення, яе канфігурацыя і напрамак падкрэсліваюць функцыянальныя адрозненні блокаў будынка: выцягнутыя вертыкальныя светлавыя праёмы лесвічнай клеткі і гарызантальна арыентаваныя праёмы ў іншых памяшканнях – адзін з самых распаўсюджаных прыёмаў у архітэктуры канструктывізму, вельмі сімвалічна адлюстроўвае яе асноўныя ідэі. Выцягнуты вуглавы балкон у клубнай частцы будынка таксама паказвае на адзін з канструктывісцкіх прынцыпаў – ідэю сувязі і ўзаемапранікнення вонкавай і ўнутранай прасторы. У выніку пасляваеннай рэканструкцыі будынка над другім паверхам відовішчнай часткі быў надбудаваны драўляны паўпаверх, некалькі парушаючы кампазіцыйныя і стылістычныя прынцыпы, уласцівыя будынку клуба.
Клуб – прыклад грамадскіх будынкаў новага тыпу ў савецкай архітэктуры 1930-х гадоў. Ён з'яўляецца помнікам архітэктуры і ўнесены ў Рэспубліканскі спіс аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
ЛІТАРАТУРА
1. Антонов, С. На конструктивизм – повышенный спрос / С. Антонов // Витебские вести. – 2020. – 5 нояб. – С. 19.
2. Воінаў А. А. Віцебскі клуб металістаў / А. А. Воінаў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 228.
3. Воінаў, А. А. Клуб металістаў / А. А. Воінаў // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 628.
4. Воінаў, А. А. Клуб металістаў / А. А. Воінаў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 126–127.
5. Воінаў, А. А. Клуб металістаў / А. А. Воінаў, М. К. Кошалеў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 64.
6. Дом культуры районный // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 169.
7. Любочка, С. В перспективе – место для досуга / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 10 нояб. – С. 5.
8. Подлипский, А. Стропила 1944 года дороги как память, но ненадежны как конструкция / А. Подлипский // Народнае слова. – 2002. – 29 кастр. – С. 4.
9. Соловьева, Т. Витебские символы эпохи конструктивизма / Т. Соловьева // Твой город (Витебск). – 2014. – 20 нояб. – С. 5.
СПАСЫЛКІ