Касцёл Святой Троіцы і кляштар трынітарыяў. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 22.10.2018 10:05
Касцёл Святой Троіцы і кляштар трынітарыяў - колішні каталіцкі комплекс, які існаваў у 1714—1832 гадах у Оршы.Жылы корпус знаходзіцца ў цэнтры горада, на вуліцы Камсамольскай. Фундаваны з драўляным касцёлам у 1714 годзе Адамам і Уладзіславам Саковічамі. Да сярэдзіны XVII стагоддзя ўзведзены мураваныя касцёл і жылы корпус. Скасаваны ў 1832 годзе, у 1835–1840 гг. перабудаваны пад Акруговую лячэбніцу (дабудавана новае крыло). У 1836 годзе касцёл (не захаваўся) (3-нефавая 4-вежавая базіліка) перароблены ў праваслаўны Васкрасенскі сабор, пазней пераабсталяваны пад аэраклуб (быў пазбаўлены вертыкальных дамінант – 4-х вуглавых вежаў). У канцы 1950-х гадоў зруйнаваны. Да касцёла далучаўся П-падобны ў плане 2-павярховы манастырскі корпус (захаваўся часткова), комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з 2-ма брамамі ў стылі класіцызму.
Кляштар (жылы корпус) – помнік архітэктуры барока і позняга класіцызму. П-падобны ў плане (адно крыло не захавалася) 2-павярховы будынак пад вальмавым дахам, адзін тарэц якога закрыты фігурным барочным франтонам. Яго франтальнае вулічнае крыло было вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым дахам. Вось сіметрыі фасада вылучалася шырокім 5-восевым рызалітам, завершаным ступеньчатым атыкам. Плоскасны фасад рытмічна чляніўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі на 1-м паверсе сандрыкамі. Рустоўкай быў вылучаны высокі цокальны паверх. Корпус мае галерэйную планіроўку з тыповымі прамавугольнымі келлямі, перакрытымі крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. Касцёл і кляштар трынітарыяў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 272–273.
2. Кулагін, А. М. Кляштар трынітарыяў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 117.
3. Манастыр трынітарыяў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 460.