Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Манастыр Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі. Аршанскі раён, г. Орша

Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр - размешчаны на паўдневай ускраіне горада, на вул. Ф. Скарыны (у старажытнасці Куцеінская слабада), на маляўнічым мысе пры зліцці рэк Куцеінкі (перасохла) і Дняпра. Адзін з буйнейшых сярэдневяковых культурна-асветніцкіх цэнтраў на тэрыторыі Беларусі, цэнтр беларускага кірылічнага кнігадрукавання XVII ст. Заснаваны ў 1623 г. мсціслаўскім падкаморыем Б. Статкевічам-Заверскім і яго жонкай А. Саламярэцкай пасля скасавання ў Магілёве шэрагу праваслаўных цэркваў і Спаскага манастыра на сродкі і паводле хадайніцтва магілёўскага праваслаўнага брацтва. Асвячоны ў 1626 г. кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам (пры ім налічвалася да 200 манахаў). 3 манастыром звязана імя славутага грамадска-царкоўнага дзеяча Афанасія Філіповіча.

Манастырскі комплекс складаўся з Богаяўленскага сабора, Свята-Духаўскай царквы, званіцы, жылых і гаспадарчых пабудоў ва ўсходняй частцы (у XIX ст. адзначаюцца амбары, склеп, лядоўня, кучарская, вазоўня, кавальская, пральня, пакоі для прыёму паломнікаў), быў абнесены агароджай-аркатурай з бутавага каменю і цэглы вышынёй да 2,5 м. У 1889 – 1990 гг. над паўночнай брамай агароджы замест драўлянай вежы-званіцы, адлюстраванай на малюнку Дз. Струкава, надбудавана мураваная. Пры манастыры меліся шпіталь, брацкая школа і друкарня (заснавана ў 1630 г. вядомым беларускім асветнікам і кнігадрукаром Спірыдонам Собалем), аптэка, з 1874 г. існавала царкоўна-манастырскае аднакласнае вучылішча. Пры манастыры на р. Куцеінка меліся млын і вапнавы завод. У 1905 г. быў узведзены 2-і драўляны корпус брацкіх келляў з памяшканнямі для святароў, а ў 1911 г. над брацкай трапезнай надбудавалі 2-і паверх, дзе размясціліся келлі паслушнікаў. Будаўнічым матэрыялам для стварэння манастыра сталі навакольны карабельны хваёвы лес і вапняк. Археалагічны аналіз будаўнічага (цэглы, дахоўкі) і архітэктурна-дэкаратыўнага (кафля расліннага і геральдычнага арнаменту, паліваная плітка) матэрыялу дазваляе зрабіць выснову, што мураваныя збудаванні манастыра былі створаны з велікапамернай цэглы-пальчаткі, пакрываліся плоскай дахоўкай з закругленым краем і, верагодна, зялёнай палівай мясцовай вытворчасці (знойдзены рэшткі горана для абпальвання дахоўкі). Захаваліся мураваныя Свята-Духаўская царква, рэшткі сцяны і жылы будынак.

У 1620 г. аршанцы атрымалі ад іерусалімскага патрыярха Феафана (прыязджаў у Кіеў) грамату на заснаванне праваслаўнага манастыра. Афіцыйны дазвол на будаўніцтва прыстанка быў выдадзены ў Варшаве ў 1623 г. на імя Б. Статкевіча-Заверскага, яго жонкі, народжанай князёўны Алены, і сына Івана, якія далі ўласную зямлю і грошы на стварэнне праваслаўнага прыстанка, а таксама прыпісалі для яго карыстання свае вёскі Паддубцы, Свісцёлкі, Нарэйкава, Слабаду Пяшчанскую, гарадскую слабаду Белькаўшчыну Акрамя самаго Куцейна манастыру належалі сёлы Касценкі, Халмы, зямля ў Тупічоўшчыне. У 1748 г. падстоліна Горват завяшчала манастыру частку маёмасці. Паводле плана генеральнага межавання 1783 г. вядома «мясцовасць Дубкі» – валоданне «ігумена Куцеінскага манастыра Кірыла з браціяй»; тут выяўлены пячоры. Заснаванне праваслаўнага мужчынскага Куцеінскага манастыра было адмоўна сустрэта каралём Жыгімонтам III Вазам, які ў сваёй грамаце ад 18 сакавіка 1627 г. падкрэсліваў адсутнасць благаславення на гэтую справу уніяцкага архіепіскапа Антонія Сялявы і ў гэтай сувязі прызначыў штраф у 10 000 літоўскіх грошаў. Ён жа абураўся, што аршанскія мяшчане «своволне упорно з некоторых церквей оршанских звоны операты, начыня церковные, серебреные крыжы, келихи и ризы, лихтары, свечи повыбиравшы, до того Кутейна отпровадилни». Прыстанак падпарадкоўваўся мітрапаліту кіеўскаму і патрыярху канстанцінопальскаму. Манастыр меў уладанні ў Магілёве, яго кіраўніцтва курыравала прыпісныя Лукомскі, Мёрскі і іншыя беларускія мужчынскія і жаночыя манастыры. У пачатку свайго існавання называўся лаўрай і, па словах патрыярха Нікана, з'яўляўся «главой» праваслаўнага жыцця на Беларусі: «Слышав Святейший Патриарх, яко близ славнаго града Орши, еже бысть, глава и начало общему житию, во всей Белой России и Литве созданная обитель, или рощи Лавра великая Святы Богоявления Господня, завомо Кутейно, юже воздвиже боголюбивый иеромонах Иоиль, иже бысть игумен лавры тоя, и нетокмо сию едину, но ины многи своими трудами и потом сооружи и иночествующих множество собра и во своей пастве всех имели, и благочестие во всей Белой России утверждали и удерживали, во время гонения от развращенных униатов» (з жыція патрыярха Нікана). Ігумен ці архімандрыт лаўры кіраваў усімі беларускімі праваслаўнымі манастырамі, а ў трактаце аб вечным міры паміж Расіяй і Польшчай 1686 г. пацвярджаліся правы і свабоды архімандрыі. Але, нягледзячы на гэта, у 1695 г. езуіты адабралі ў яе Мёрскі праваслаўны мужчынскі манастыр, а ў 1715 г. князь Лукомскі адабраў і Лукомскі мужчынскі манастыр. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай з пераходам культавых аб'ектаў у распараджэнне Расійскага Свяшчэннага Сінода збяднелы манастыр у 1764 г. пераведзены ў 3-і клас. Тым не менш пры генеральным межаванні 1783 г. манастыру было выдзелена 435 дзесяцін і 3836 кв. сажняў зямлі.

Манастыр моцна пацярпеў ад напалеонаўскай арміі ў 1812 г., яго гаспадарка была поўнасцю разрабавана. У 1842 г. пакінуты за штатам і прыпісаны да Пакроўскага (былога базыльянскага) манастыра ў Оршы, набыў назву Загарадны. У пачатку XX ст. з прыездам з Кіева новага ігумена Валянціна «с необходимым числом братии» манастыр стаў «общежительным, с уставом Киевского Свято-Троицкого (Ионина) монастыря». У гэты час манастырскае брацтва налічвала 60 чалавек. Манастыр быў закрыты і заняпаў пасля 1917 г., яго будынкі выкарыстоўваліся пад жыллё і ў гаспадарчых мэтах. У 1990 г. перададзены праваслаўнай абшчыне, аднавіў сваю дзейнасць у 1992 г. Зараз у стане рэстаўрацыі.

Царква ў гонар Святой Троіцы (Святога Духа) узведзена ў сярэдзіне XVII ст. з цэглы. У 1869 г. перабудавана (паводле гісторыка І. І. Грыгаровіча, у 1819) і асвячона ў імя Жыватворнай Троіцы. Адрэстаўрыравана ў 1995 г.

Помнік архітэктуры барока. Манументальны прамавугольны ў плане аб'ём па восі захад–усход пераходзіць у працяглую 5-гранную апсіду з невялікай паўночнай рызніцай. Да франтальнага фасада далучана 4-гранная 2-ярусная вежа-званіца, шацёр якой, як і вальмавы дах апсіды, завершаны макаўкай. Першапачаткова ўсе аб'ёмы мелі самастойныя шатровыя дахі (паводле малюнка Дз. Струкава). У 1880 г. бляшаны шатровы дах асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. Галоўны і тыльны фасады завершаны барочнымі фігурнымі франтонамі, крапаванымі ў ярусы аркатурамі. Манументальнасць храма ствараецца яго магутным канструкцыйным вырашэннем і характэрнай для ранняга барока стрыманай і лаканічнай пластыкай. Плоскасныя фасады крапаваны буйнымі лапаткамі, расчлянёны 2 ярусамі арачных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах, апяразаны тонкапрафіляваным карнізам.

Зала і апсіда перакрыты цыліндрычным скляпеннем з падпружнымі аркамі і люнетамі. Апсіду вылучаў 6-ярусны драўляны іканастас, створаны ў 1885 г. разам з перадалтарным настольным плафонам. У інтэр'еры сцены таксама крапаваны буйнымі лапаткамі. У 1762 (1868?) г. прастора малітоўнай залы драўляным перакрыццем была падзелена на 2 паверхі: унізе створаны прастольны храм у гонар Ражджаства Багародзіцы, наверсе — храм у імя святога апостала Андрэя Першазванага. Інтэр'ер упрыгожвала фрэскавая размалёўка, выкананая майстрам Рыгорам, і сюжэт «Супакойванне бурлівага мора» (1690, мастак П. Ігнатовіч). Пасля рэканструкцыі 1869 г. інтэр'ер малітоўнай залы адноўлены ў першапачатковым стане, у манастырскіх мастацкіх майстэрнях (кіраўнік В. В. Жураўлёў) створаны 4-ярусны іканастас і абразы ў ківотах. Царква мела ацяпленне (называлася «цёплай»).

Жылы корпус. Пабудаваны ў XVII ст. Цяпер дом і службовыя памяшканні архімандрыта. Прамавугольнае ў плане цаглянае 2-павярховае збудаванне: 1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны, з'явіўся ў 1866 г. (месціліся пакоі настаяцеля манастыра і канцылярыя, згарэў у 1997). Будынак падзяляўся на 2 часткі: духоўнае вучылішча з вялікай залай-трапезнай (тарцовая прыбудова) і ўсходняе крыло галерэйнай планіроўкі з келлямі. Недзе тут месцілася друкарня Спірыдона Собаля. Стрымана-пластычны раннебарочны характар будынку надаюць аркатура, арачныя нішы, геаметрычныя абломы. Цагляны 1-ы паверх поўнасцю рэканструяваны, амаль поўнасцю перабудаваны і 2-і драўляны паверх. У першапачатковым стане захавалася толькі мураваная тарцовая сцяна, крапаваная арачнымі нішамі, рэшткі фігурных франтонаў, якія мелі паліхромную размалёўку. Побач з корпусам некалі існаваў драўляны будынак брацкіх келляў.

 

Драўляны будынак Аршанскага Куцеінскага манастыра. Фотаздымак з сайта http://monasterium.byСвята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр. Фотаздымак з сайта http://monasterium.byСвята-Духаўская царква Аршанскага Куцеінскага манастыра. Фотаздымак з сайта http://monasterium.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 303.

2. Габрусь, Т. В. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр / Т. В. Габрусь // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. // рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1 : А–Аршын. – С. 540.

3. Габрусь, Т. В. Памяць пра лаўру над Дняпром / Т. В. Габрусь // Роднае слова. – 2015. – № 9. – С. 75–78.

4. Из истории Кутеинской обители / подгот. А. Шурдукова // Аршанская газета. – 2014. – 9 кастр. – С. 4.

5. Кутеинская обитель: под покровом Богородицы / подгот. А. Шурдукова // Аршанская газета. – 2020. – 19 верас. – С. 5.

6. Кутеинский Свято-богоявленский монастырь // Наследие Православной Беларуси / сост. С. Р. Бегиян. – Минск : Белорусская Православная церковь, 2011. – С. 42–43.

7. Кутеинский Свято-богоявленский монастырь // Дорогами православной Беларуси / сост. С. Р. Бегиян. – Минск : Белорусская Православная церковь, 2010. – С. 46–49.

8. Габрусь, Т. В. Куцеінскі Богаяўленскі манастыр / Т. В. Габрусь, Г. І. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 91–92.

9. Лебедева, О. Всем миром возродим Кутеинскую лавру / О. Лебедева // Витебские вести. – 2014. – 26 апр. – С. 10.

10. Моисеева, В. Кутеинский монастырь: 400 лет славной истории / В. Моисеева // Аршанская газета. – 2023. – 23 жн. – С. 16.

11. Нил (игумен) Была в Орше лавра / Нил (игумен) ; [беседовала] Е. Алимова // СБ. Беларусь сегодня. – 2023. – 15 сент. – С. 21.

12. Новикова, П. Монастырь на Кутеинке / П. Новикова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 15 авг. – С. III.

13. Оршанский Кутеинский Богоявленский монастырь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол. Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн.2. – С. 244.

14. Оршанский Кутеинский Богоявленский монастырь // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 614.

15. Оршанский Кутеинский Свято-Богоявленский мужской монастырь // Православные монастыри Беларуси / авт.-сост.: С. Э. Сомов [и др.]. – Минск : Четыре четверти, 2003. – С. 91–93.

16. Оршанский Свято-Богоявленский Кутеинский мужской монастырь // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост. С. В. Ловчая. – Минск : БелЭн, 2008. – С. 170.

17. Оршанский Свято-богоявленский (Кутеинский) мужской монастырь // Беларусь православная : фотоальбом // редкол.: Е. В. Малашевич [и др] ; художник А. П. Маковцов. – Минск : Минская фабрика цветной печати, 2007. – С. 215.

18. Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 150–151.

19. Свято-Богоявленский Кутеинский мужской монастырь в Орше // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск, 2007. – С. 10.

20. Сердюкова, Я. Кутеинский монастырь: история и современность / Я. Сердюкова // Аршанская газета. – 2022. – 28 снеж. – С. 21.

21. Слепцов, С. Кутеинской лавре 390 лет / С. Слепцов // Телеком-экспресс (Орша). – 2013. – 26 сент. – С. 2.

22. Сосновский, В. Святое место Оршанской земли / В. Сосновский, Н. Синяков // Аршанская газета. – 2023. – 20 верас. – С. 5.

23. Турок, А. Кутеинский монастырь – на конвертах и марках / А. Турок // Аршанская газета. – 2023. – 20 верас. – С. 1.

24. Хаецкая, О. Древняя обитель: четыре века истории / О. Хаецкая // Витебские вести. – 2023. – 19 сент. – С. 5.

25. Шинкевич, А. Н. Кутеинская Лавра: страницы истории / А. Н. Шинкевич ; [Оршанское городское отделение Общества охраны памятников истории и культуры]. – Орша : Оршанская типография, 1992. – 20 с.

26. Шурдукова, А. Знакомство с Кутеинской обителью / А. Шурдукова // Наше православие. – 2015. – № 7 (июль). – С. 2.

СПАСЫЛКІ

arrow Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр