Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл святога архангела Міхаіла і калегіум езуітаў. Аршанскі раён, г. Орша

Знаходзіўся ў Наддняпроўскім пасадзе, займаў вялізную тэрыторыю на левым беразе ракі Аршыца побач з замкам. У 1590 годзе канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега выкупіў у мясцовых кальвіністаў зямельны ўчастак у цэнтры горада і з дазволу польскага караля Жыгімонта III перадаў езуітам, якія з'явіліся ў горадзе ў 1604 годзе і ў 1610 годзе заснавалі прыстанак. У 1610–1611 гг. кароль ахвяраваў кляштару 210 валок зямлі з вёскамі Ценкі, Князі, Крыніцы, Чарніца, Чэбаданы, Чално, а таксама зямельныя надзелы ў горадзе. Узначаліў прыстанак выпускнік папскай семінарыі ў Вільне Якаў Лаўрэнцій. Першапачатковы драўляны храм пабудаваны ў 1604 годзе.

У 1610–1611 гг. Жыгімонт падараваў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі вёсак Цянкі, Князі, Крыніцы, Чарніца, Чабаданы, Чално, а таксама зямельныя надзелы ў горадзе для будаўніцтва касцёла, калегіума і ніжэйшых школ. Каталіцкая навучальная ўстанова дзейнічала з 1612 да 1820 гадоў. Апошняя фундацыя зацверджана соймам у 1616 годзе, езуітам падараваны маёнтак Фашчаўка з 2 тысячамі сялян, а ў 1621 годзе на будаўніцтва касцёла ім адведзены ўчастак лесу па беразе Дняпра. У 1634 годзе кароль Уладзіслаў IV падараваў калегіуму в. Дуброўна, а аршанскі пробашч Ян Францкевіч – сваю юрыдыку ў Оршы. У 1712 годзе ад рэчыцкага падчашніка да езуітаў перайшоў фальварак Мікуліна з 2 вёскамі, аршанскі староста Аляксандр Сапега ў 1742 годзе даў маёнтак Жалезнік.

Валоданні калегіума павялічваліся і за кошт куплі: у 1623 годзе за 6,5 тыс. злотых набыты маёнтак Пагост, фальварак Почап. У падатковым рэестры Аршанскага павета за 1772 год як уладанні аршанскіх езуітаў пазначаны маёнткі Гразівец, Гародня і Ламачын у ваколіцах Оршы. Прыбыткі калегіума раслі таксама за кошт ахвяраванняў. Кароль надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў горадзе і ва ўсім Аршанскім павеце. Калегіум садзейнічаў пашырэнню ўплыву каталіцкай царквы на Беларусі, сцвярджэнню і развіццю еўрапейскай сістэмы адукацыі.

Калегіум спачатку меў статут няпоўнай ніжэйшай, а ў 1740–1770 гг. вышэйшай з няпоўным курсам філасофіі навучальнай установы. 3 1618 года тут працавала школа граматыкі, з 1623 – паэтыкі, з 1634 года выкладалася рыторыка, з 1696 года логіка, з 1724 года філасофія. У 1634 годзе адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі са збяднелых сем'яў, меўся тэатр. Пры кляштары знаходзілася аптэка, меліся батанічны і фруктовы сады. У 1655 годзе ў сувязі з распачатай паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай вайной (1654–1667) калегіум на 9 гадоў спыніў сваю дзейнасць. У 1680 годзе пажарам знішчаны пабудовы. У 1690 годзе з дазволу караля Яна III Сабескага пачалі ўзводзіцца мураваныя будынкі 2-павярховага калегіума і касцёла, асвячонага ў 1768 годзе ў імя святога архангела Міхаіла. Тут быў створаны «Аршанскі кодэкс». Пасля ўключэння Аршанскага павета ў склад Расійскай імперыі (1772), насуперак буле рымскага папы Клімента XIV (1773) аб роспуску ордэна езуітаў, калегіум працягваў сваю дзейнасць да 1820 года. 3 1779 года яе віцэ-рэктарам, а з 1782 года рэктарам з'яўляўся вядомы каталіцкі рэлігійны дзеяч Ф. К. Кару, у 1796–1797 гг. выкладаў прафесар архітэктуры і мастак Каэтан Анджаліні. Кляштар езуітаў «с изрядным садом, лабораторною и аптекою» адзначаны акадэмікам Васілём Севергеным у 1802 годзе.

Пасля скасавання ордэна езуітаў ксяндзы дамініканцы ў 1822 годзе перанялі ад іх школу, якая, аднак, у 1825 годзе была заменена на свецкую. Касцёл зачынены ў 1832 годзе, у 1839 годзе кляштар перададзены ваеннаму ведамству і ператвораны ў гарадскую турму, якая пачала дзейнічаць з 1842 года (праект рэканструкцыі распрацаваны ў 1841) і існавала да 1989 года.

Касцёл, школа з бурсай, будынкі калегіума, аптэкі, гаспадарчыя пабудовы адвольна размяшчаліся на вялікай тэрыторыі, акаймаванай мураванай агароджай па абрысе няправільнага пяцікутніка. Паўночна-заходні ўчастак кляштара з'яўляўся дваром, паўднёва-ўсходні быў адведзены пад сад. Да заходняга боку касцёла далучаўся будынак школы і бурсы. Будынкі касцёла, школы і калегіума злучаліся паміж сабой крытымі пераходамі. Будынак калегіума быў 2-павярховым, складаўся з двух крылаў, размешчаных пад прамым вуглом адно да другога; у іх месціліся келлі манахаў, бібліятэка, інтэрнат навучэнцаў публічнай школы, склад. У месцы іх перакрыжавання далучалася аднапавярховая прыбудова трапезнай, з вокнамі ў сад. Значна перабудаваныя на працягу XIX–XX ст. будынкі езуіцкага калегіума часткова захаваліся да нашага часу.

Касцёл (не захаваўся) з'яўляўся творам архітэктуры позняга барока. Закладзены ў 1741 годзе замест драўлянага храма, будаўніцтва скончана ў 1760 годзе. Апсідай быў арыентаваны на поўнач да каралеўскага замка.

Адносіўся да тыпу трохнефавай 2-вежавай крыжова-купальнай базілікі з прамавугольнай апсідай (купал узведзены ў 1830-я гады). Чатырохгранныя 2-ярусныя вежы пад пакатымі шатрамі фланкіравалі франтальны фасад, завершаны трохвугольным франтонам і крапаваны плоскасным ордэрным дэкорам. У 1786–1788 гг. перааформлены інтэр'ер храма – драўляныя алтары змяняюцца муравана-стукавымі, наносіцца фрэскавы роспіс.

Пасля закрыцця касцёл перададзены праваслаўнай епархіі, у 1835 годзе архітэктарам А. Блондзі выкананы праект перабудовы былога касцёла па праваслаўных архітэктурных канонах. Але ён не быў рэалізаваны ў сувязі з продажам пад знос.

Від Аршанскага езуіцкага калегіума, 1840 год. Фотаздымак з сайта https://ru.wikipedia.org/Керамічны сувенірны медаль “Царква Аршанскага езуіцкага калегіума. Anno 1690”, які змяшчае рэканструкцыю выявы страчанага касцёла Святога архангела Міхаіла. Фотаздымак з сайта https://orshatut.by/Комплекс Аршанскага езуіцкага калегіума. Сучасны від. Фотаздымак з сайта https://ru.wikipedia.org/

ЛІТАРАТУРА

1. Домаш, А. Из истории Оршанского иезуитского коллегиума / А. Домаш // Аршанская газета. – 2007. – 7 чэрв. – С. 3.

2. Оршанские монастыри // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2008. – С. 125–131.

3. Каваль, Л. Культурны ракурс / Л. Каваль // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 19 жн. – С. 16.

4. Коллегиум – гордость горожан / подгот. О. Лебедева // Витебские вести. – 2016. – 27 дек. – С. 4.

5. Кононович, Е. Вторая жизнь Оршанского коллегиума / Е. Кононович // Народная газета. – 2008. – 31 мая. – С. 15.

6. Кулагін, А. М. Касцёл святога архангела Міхаіла і калегіум езуітаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 273–275.

7. Лютынскі, В. Езуіцкі калегіум у Оршы: гісторыя і сучаснасць / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 28 февр. – С. 4.

8. Оршанский иезуитский коллегиум // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 613.

9. Турок, А. Второе рождение культурной жемчужины Орши / А. Турок // Аршанская газета. – 2008. – 11 кастр. – С. 1.