Царква Свята-Васкрасенская. Аршанскі раён, в. Межава
- Подробности
- Створана 23.10.2018 15:23
- Адноўлена 23.10.2018 10:17
Царква ў гонар Уваскрасення Гасподняга пабудавана ў 2-й палавіне XIX ст. у в. Межава з цэглы ўладальнікам маёнтка Канстанцінам Любамірскім. У паўзруйнаваным стане.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжна-восевую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю складаюць прытвор з чацверыковай званіцай, кароткая трапезная, кубападобны аб'ём малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. У сілуэце храма панавалі шацёр званіцы і 8-гранны светлавы барабан над цэнтральным аб'ёмам. Атынкаваныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, крапаваны вуглавымі паўкалонкамі, прамавугольнымі нішамі і круглымі разеткамі. Уваход вылучаны рызалітам і арачным парталам кілепадобнай формы, над якім круглая люкарна, па баках прамавугольныя нішы. Царква апяразана магутным карнізам на сухарыках і зубчастым фрызам.
Унутры малітоўная зала перакрыта скляпеннем на ветразях, якое трымае светлавы барабан, трапезная і прыдзелы — цыліндрычнымі скляпеннямі, у апсідзе скляпенне-конха. Памяшканні злучаны шырокімі арачнымі прасветамі. Мае магутнае канструкцыйнае вырашэнне (таўшчыня сцен 1,5 м).
ЛІТАРАТУРА
1. Межевская Воскресенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 120.
2. Свята-Васкрасенская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 128.
3. Царква ў гонар Уваскрасення Гасподняга // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 259.