Царква Свята-Ільінская (Пакроўская). Аршанскі раён, в. Высокае
- Подробности
- Створана 23.10.2018 15:23
- Адноўлена 23.10.2018 10:43
Царква размешчана ў цэнтры вёскі Высокае, на перакрыжаванні галоўных вуліц. Пабудавана ў 1-й палавіне XIX ст. з цэглы ўладальнікам маёнтка Канстанцінам Любамірскім. Адкрыта пасля заняпаду ў 1980-я гады.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Кампазіцыйна складаецца з шырокага прытвора з 1-яруснай высокай 8-граннай званіцай над ім працяглай трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, паўкруглай апсіды з бакавымі рызніцамі такой жа канфігурацыі. Над дахам узвышаўся купал (не захаваўся). Галоўны ўваход вылучаны 3-арачным рундуком з 3-вугольным шчытом у завяршэнні, аналагічна завершаны 2 бакавыя ўваходныя парталы, размешчаныя па вуглах пры сачляненні трапезнай і асноўнага аб'ёму. Магутная архітэктурная пластыка ствараецца сродкамі адкрытай фігурнай цаглянай муроўкі. Неатынкаваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах са здвоенымі какошнікамі, насычаны дэкорам: пояс какошнікаў каля аснавання шатра званіцы, паясы шырынак, аркатурныя фрызы, пілястры.
У інтэр'еры памяшканні перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі (апсіда – конхай), аб'ядноўваюцца шырокімі арачнымі прасветамі. Падлога пакрыта каляровымі керамічнымі пліткамі.
ЛІТАРАТУРА
1. Храм святого пророка Илии // Витебская епархия. Монастыри, храмы и приходы : справочник / сост. А. Матвеев. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – С. 74.