Касцёл Cвятога Антонія і кляштар францысканцаў. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 13.11.2018 11:56
Знаходзіцца ў цэнтры горада, на вуліцы Савецкай, недалёка ад касцёла дамініканцаў. Фундаваны ў 1680 годзе рэчыцкім старостам Войцехам Станіславам Касткоўскім (Калкоўскім). Мураваныя жылы корпус і касцёл пабудаваны ў 1714 годзе, асвячоны 10 жніўня 1768 года. Пры кляштары меўся драўляны будынак багадзельні. На плане горада Орша 1813 года касцёл кляштара адзначаны як «сожженный». У 1863 годзе скасаваны, кляштар перададзены інваліднай камандзе, потым прыстасаваны пад турму, у 1920–1930-я гг. – рамеснае вучылішча. Касцёл зруйнаваны ў 1970-я гады (у сувязі з пашырэннем вуліцы Савецкай), захаваўся кляштарны корпус.
Касцёл (не захаваўся) Ражджаства Найсвяцейшай Дзевы Марыі (пасля адбудовы ў XIX ст. пераасвячоны ў імя св. Антонія) з'яўляўся творам мураванай архітэктуры барока, быў пабудаваны па канону трохнефавай 2-вежавай базілікі. Двух'ярусныя 4-гранныя вежы былі накрыты пакатымі шатрамі, бакавыя фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі аконнымі праёмамі.
Жылы корпус – помнік архітэктуры барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак пад 2-схільным дахам. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі (на 1-м паверсе) і лучковымі (на 2-м паверсе) аконнымі праёмамі, у завяршэнні апяразаны прафіляваным карнізам.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулагін, А. М. Касцёл святога Антонія і кляштар францысканцаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 273.