Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Верхнядзвінскі раён. г. Верхнядзвінск
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 10.01.2019 15:02
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца ў цэнтры горада Верхнядзвінска. Касцёл – адзін з нешматлікіх архітэктурных помнікаў, які на вачах аднаго пакалення перажыў сваю гібель і адраджэнне. У Памятнай кніжцы Віцебскай губерні на 1882 год сказана, што пры касцёле існавала вучылішча. Сам касцёл, плябанскія дамы, лаўкі, агароджа і брама склалі адзіны архітэктурны ансамбль, хаця і будаваліся ў розныя гады. Касцёл пабудаваны ў цэнтры горада ў 1809 годзе з цэглы, адноўлены ў 1867 годзе. Адзначаны на плане горада 1838 года паміж вуліцамі Дзвінскай, Маскоўскай і Новай. Абноўлены ў 1867 годзе (сафіт пакрыты размалёўкай, перароблены алтары, слупы размаляваны пад мармур). Побач з касцёлам у 1860 годзе была ўзведзена плябанія і «флигель... посредине сени, при них часовня, стайня и сарай под одною драничною крышею» (пры плябаніі дзейнічала вучылішча). Адпаведна «Візіце Дрысінскага касцёла» 1740 года папярэдні «касцёл драўляны на падмурку, гонтам крыты», быў пабудаваны ў 1734 годзе. У 1899 годзе плябанія згарэла, ксёндз Какола-Кулак пабудаваў новую плябанію і аднавіў мураваны храм. У савецкі час выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, у 1990 годзе вернуты парафіянам і рэстаўрыраваны.
Помнік архітэктуры класіцызму. Прамавугольная ў плане 3-нефавая 1-вежавая базіліка з 3-граннай апсідай, над якой 2-схільны дах пераходзіць у вальмавае пакрыццё. Да тарцовай грані апсіды далучана нізкая прамавугольная сакрысція пад 2-схільным пакрыццём. Асноўная архітэктурная тэма – цыркульная арка. Яе форма выкарыстана ў складаным рытме вокнаў і праёмаў масіўнай 2-яруснай 4-граннай званіцы з шатровым пакрыццём, фасаднай дэкаратыўнай аркатуры. Прафіліроўкі і абломы абрамляюць праёмы і карніз.
Унутраная прастора перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках. Нефы размяжоўваюцца аркадай на магутных пілонах. На левай сцяне прэсбітэрыя навешаны амбон. У інтэр'еры 3 алтары, галоўны з якіх вырашаны дарычным 4-калонным порцікам з лучковым франтонам. Уздоўж бакавых сцен размяшчаліся тэракотавыя пано-стацыі «Крыжовы шлях Хрыста». У сакрысціі мелася некалькі арнаментаў са слуцкіх паясоў. У 1899 годзе інтэр'ер абноўлены: распісаны пад мармур сафіт і міжнефавыя слупы.
ЛІТАРАТУРА
1. Бут, А. Храм пришел к юбилею обновленным / А. Бут // Віцебскі рабочы. – 2009. – 25 авг. – С. 5.
2. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 57.
3. Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 24.
4. Костел Рождества Девы Марии // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sports, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. – С. 112.
5. Пакульневіч, Я. Да вышынь веры / Я. Пакульневіч // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2007. – 11 мая. – С. 2.
6. Пакульневіч, Я. Трыумф веры / Я. Пакульневіч // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2009. – 28 жн. – С. 5.
7. Салаўёў, В. Касцёл нараджэння Марыі панны ў Верхнядзвінску / В. Салаўёў // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2001. – 10 ліп. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт Верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі