Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Верхнядзвінскі раён, в. Сар’я
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 10.01.2019 15:02
Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца ў паўночнай частцы вёскі Сар'я. Пабудавана ў 1852–1857 гг. з чырвонай цэглы ўладальнікам маёнтка маршалкам дрысенскім І. Д. Лапацінскім паводле праекта архітэктара Г. Шахта як родавая пахавальня ў гонар сваёй жонкі Марыі і іх памерлага сына. У 1865 годзе царская ўлада канфіскавала касцёл і перадала яго праваслаўным.
У 1935 годзе касцёл зачынілі, а падчас Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўвалі як склад. У канцы 80-х гадоў XX стагоддзя будынак часткова рэканструявалі, а ў канцы стагоддзя аднавіліся набажэнствы.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Прамавугольны ў плане 1-нефавы будынак з 5-граннай апсідай і 2 невялікімі сакрысціямі. Кампазіцыя галоўнага фасада ступеньчатая 3-часткавая. Цэнтральную частку завяршаюць 2 шатровыя вежачкі на 5-гранных контрфорсах. Сцены па перыметры ўмацаваны 12 лапаткамі з фіяламі, завершаны аркатурным паяском і скразной востразубчастай аркадай. Месца злучэння асноўнага аб'ёму з апсідай вылучаюць 2-часткавыя лапаткі. Аконныя праёмы стральчатыя з прафіляванымі ліштвамі. Унутры зала перакрыта крыжовымі скляпеннямі, пластыку якіх узбагачаюць ляпныя нервюры. Дзве калоны падтрымліваюць хоры з аркатурным парапетам.
ЛІТАРАТУРА
1. Алісейчык, У. В. Касцёл / У. В. Алісейчык // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 174.
2. Конышева, Н. За! Семью, Любовь и Верность / Н. Конышева // Новая газета (Наваполацк). – 2013. – 12 июля. – С. 4.
3. Сарьянский храм – символ примирения // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2017. – 7 ліп. – С. 5.
4. Скрабатун, У. Самы непаўторны храм Полацка-Глыбоцкай епархіі – у Сар'і / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2018. – 12 ліп. – С. 1.
5. Стреха, В. Селу – нести свой крест... / В. Стреха // Белорусская нива. – 2010. – 7 авг. – С. 6.
6. Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 361.
СПАСЫЛКІ
Точка на карте Витебской области: Сарья, Верхнедвинский район