Царква ў імя Мікалая Цудатворца. Верхнядзвінскі раён, г. Верхнядзвінск
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 10.01.2019 15:35
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца знаходзіцца на вул. Гагарына ў г. Верхнядзвінску. Пабудавана ў 1819 годзе з цэглы. У 1895 годзе адзначана як сабор; да яго была прыпісана могілкавая драўляная Барыса-Глебская царква.
Помнік архітэктуры класіцызму. Кананічную 4-часткавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю складаюць прытвор-званіца, трапезная, малітоўная зала, паўкруглая апсіда. У сілуэце дамінуе 3-ярусная чацверыковая званіца, завершаная невысокім шатром; ярусы вылучаны прафіляванымі карнізамі, прарэзаны арачнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі пілястрамі. Над прамавугольным у плане асноўным аб'ёмам узведзены магутны цыліндрычны светлавы барабан з паўсферычным купалам, завершаным невялікім купалком на цыліндрычнай шыі. Плоскасныя сцены крапаваны вуглавымі пілястрамі, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах з замковым каменем. Аб'ёмы апяразаны прафіляваным карнізам на сухарыках.
Прастора малітоўнай залы павялічана высокім светлавым барабанам, у яе шырокімі арачнымі прасветамі адкрываюцца памяшканні трапезнай і апсіды. Сцены і скляпенні ў інтэр'еры пакрыты алейнай фарбай некалькіх таноў з трафарэтным малюнкам, купал пабелены. Абразы: «Евангелісты Матфей і Лука» (XVIII ст.), «Раство Маці Божай» (канец XVIII ст.), «Маці Божая Вастрабрамская» (XIX ст.).
ЛІТАРАТУРА
1. Алісейчык, У. В. Мікалаеўская царква / У. В. Алісейчык // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 160.
2. Аляксандрава, С. Верай моцныя / С. Аляксандрава // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2004. – 18 мая. – С. 1.
3. Бут, А. Священное сердце города / А. Бут // Віцебскі рабочы. – 2009. – 19 дек. – С. 3.
4. Верхнедвинская Николаевская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 633.
5. Пакульневич, Я. «Моя цель – духовное спасение человека» / Я. Пакульневич // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2017. – 15 сак. – С. 6.
6. Свята-Мікалаеўская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 37.
7. Федорова, Л. Приближается юбилей главного храма района / Л. Федорова // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2007. – 11 верас. – С. 2.
8. Федорова, Л. Творить добро / Л. Федорова // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2003. – 17 студз. – С. 2.
9. Храм святителя Николая Чудотворца в г. Верхнедвинске // Храмы и монастыри Полоцкой епархии : фотоальбом / текст: О. В. Молодечкина, А. М. Якубовского ; фото О. В. Молодечкина. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2006. – С. 19.
10. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 76–77.