Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Браслаўскі раён, в. Богіна
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 14:35
3 вясковых храмаў вылучаецца Свята-Пакроўская царква ў в. Богіна. Мураваны будынак узведзены ў канцы XIX стагоддзя паводле традыцыйнай чатырохчасткавай схемы. У інтэр'еры царквы ўстаноўлены памятныя дошкі ў гонар салдат і афіцэраў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны ў 1915–1916 гг. (у наваколлі Богіна вяліся актыўныя баявыя дзеянні).
Кампазіцыю манументальнага будынка складаюць размешчаныя па падоўжанай восі аб'ёмы званіцы, бабінца, малітоўнай залы і апсіды. Асноўны аб'ём накрыты высокім чатырохсхільным дахам з цыбулепадобным купалам на барабане. На даху ўздоўж асноўнай восі храма – 2 драўляныя мансарды, упрыгожаныя рознымі падзорамі. У сілуэце храма дамінуе квадратная ў плане трох'ярусная чацверыковая вежа-званіца з гранёным шатром і макаўкай у завяршэнні. На ўсіх ярусах маюцца вялікія праёмы. Архітэктурны дэкор запазычаны са старажытнарускага дойлідства: карнізныя паясы гарадкоў, кілепадобныя ліштвы арачных аконных праёмаў, какошнікі. Царква мае цікавыя абразы: «Маці Божая з дзіцем» (XVIII ст., перанесены з закрытай у 1967 годзе царквы ў в. Казяны Браслаўскага раёна), «Георгій Перамоганосец» і «Іосіф з дзіцем» (створаны на мяжы ХVІІІ–ХІХ стст.).
Царкоўны двор абнесены цаглянай агароджай, выкананай у тэхніцы разынкавай муроўкі. Звяртае на сябе ўвагу выкладзеная з каменьчыкаў дата «1892». Мяркуюць, што гэта і ёсць дата пабудовы храма.
ЛІТАРАТУРА
1. Свята-Пакроўская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 24–25.
2. Пакроўская царква ў вёсцы Богіна // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 79–80.
3. Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 2005. – С 178–179.
4. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 50.