Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Браслаўскі раён, г. Браслаў

Браслаўская Свята-Успенская царква мае самую багатую гісторыю з праваслаўных храмаў Віцебскага Паазер'я. I пачынаецца яна ў пачатку XVI стагоддзя, калі ў гістарычных дакументах згадваюцца царква святой Варвары і жаночы праваслаўны манастыр на Замкавай гары (іх заснавальніцай лічылася княгіня Алена, жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра).

Паводле інвентару 1554 года на галоўнай вуліцы Браслава Вялікай, што ішла ўздоўж возера Дрысвяты, значыцца праваслаўная царква. У XVIII ст. каля Замкавай гары зноў зафіксавана праваслаўная царква. У 1859 годзе яна згарэла. У 1861 годзе пабудавалі новую драўляную, а ў 1897 годзе – мураваную Свята-Успенскую царкву, якая дзейнічае і ў наш час.

Будынак узведзены ў рэтраспектыўна-рускім стылі і складаецца з кубічнага асноўнага аб'ёму, пяціграннай апсіды з бакавой рызніцай, трапезнай і двух'яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы – прытвора. Над асноўным аб'ёмам чатырохсхільны дах, які завяршаецца пяцікупаллем на васьмігранных барабанах; званіцу-прытвор вянчаюць гранёны шацёр з макаўкай.

Галоўны ўваходны праём мае арачную форму і аформлены масіўным парталам з кілепадобнай прафіляванай аркай на калонах-бочках. Такімі ж аркамі аформлены бакавыя ўваходы і арачныя прасветы яруса. Фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі з калонамі-бочкамі, багата насычаны архітэктурнай крапоўкай: вуглавыя куставаныя лапаткі, прафіляваныя цягі і карнізы з сухарыкамі, прамавугольныя панелі, арачныя нішы.

У інтэр'еры плоская столь у цэнтры адкрыта васьмігранным барабанам з шатровым купалам, які трымаецца на 4 слупах. Апсіда адкрыта вялікай аркай і вылучаецца трох'ярусным драўляным іканастасам. Царкве перададзены абразы з закрытай Друйскай царквы: «Святы Мікола», «Апосталы», «Дабравешчанне», «Пакланенне вешчуноў», «Стрэчанне», «Успенне» –XVIII ст.; «Архангел Міхаіл», «Маці Божая з дзіцем», «Спас Пантакратар» – XIX ст.

 

Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. г. Браслаў. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byЦарква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. г. Браслаў. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

ЛІТАРАТУРА

1. Браслаўскай царкве – 110 // Браслаўская звязда. – 2007. – 19 верас. – С. 4.

2. З гісторыі Браслаўскага манастыра // Браслаўскія сшыткі : гістарычны зборнік / рэд. К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў : Браслаўскае музейнае аб'яднанне. – 1997. – № 2. – С. 28–31.

3. Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 2005. – С 169–171.

4. Свята-Успенская царква // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 25–26.

5. Сергіевіч, К. З гісторыі Браслаўскага манастыра / К. Сергіевіч // Браслаўская звязда. – 2007. – 11 жн. – С. 2 ; 18 жн. – С. 2.

6. Царква ў гонар Успення прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 51–52.