Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Божага Цела. Браслаўскі раён, в. Іказнь

Існуючаму будынку касцёла Божага Цела ў в. Іказнь Браслаўскага раёна папярэднічаў шэраг драўляных храмаў. Адзін з касцёлаў быў узведзены паводле фундацыйнай граматы выдатнага дзяржаўнага дзеяча, канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, выдадзенай 16 ліпеня 1593 года. Л. Сапега жадаў, каб пры касцёле ўтрымліваліся шпіталь і школа.

Храм пабудавалі ў цэнтры мястэчка, каля рынкавай плошчы. Але драўляныя будынкі знішчаліся ў XVII ст., ад пажару ў 1800 годзе, у час французскага нашэсця ў 1812 годзе. Апошні драўляны храм узведзены ў 1814 годзе і перабудаваны ў 1881 годзе. Нарэшце, у 1906 годзе быў атрыманы дазвол на ўзвядзенне мураванага касцёла і зацверджаны каштарыс. Стары касцёл разабралі, а непадалёку ад будоўлі зрабілі часовае памяшканне для набажэнстваў. 17 верасня 1912 года будаўніцтва храма завяршылася.

Вакол касцёла ўзведзена агароджа з бутавага каменю. На цвінтары знаходзіцца валун з надпісам святару Міхалу Буклярэвічу і яго сястры Эміліі. М. Буклярэвіч быў ініцыятарам узвядзення мураванага касцёла, у 1919 годзе ён стаў адным з арганізатараў сялянскага паўстання супраць бальшавіцкай улады. Пры падаўленні паўстання святара і яго сястру расстралялі. У 40-я гг. помнік на магіле знішчылі, але ў кастрычніку 1995 года ён быў адноўлены.

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Базілікальны 3-нефавы храм з паўкруглай апсідай і бакавымі нізкімі сакрысціямі вырашаны ў масіўных архітэктурных формах. Фасад фланкіраваны 2 магутнымі 4-яруснымі шатровымі вежамі, колькасць праёмаў якіх нарастае знізу ўверх. Фасад паміж вежамі завершаны 2-гранным шчыпцом з акном-ружай па цэнтры; прарэзаны шырокім арачным уваходным парталам з акном-трыфорыумам над ім.

Архітэктура храма мае насычанае каларыстычнае вырашэнне – на фоне паліхромнай бутавай муроўкі вылучаюцца чырвонацагляныя элементы дэкору.

Касцёл Божага Цела. Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта www.holiday.byКасцёл Божага Цела. Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта www.holiday.by

ЛІТАРАТУРА

1. Касцёл Божага Цела // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 161.

2. Касцёл Божага Цела // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 71.