Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Браслаўскі раён, в. Слабодка
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 15:42
Адзін з найбольш прыгожых храмаў Браслаўшчыны – касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў в. Слабодка, пабудаваны з цэглы ў 1903 годзе.
Храм размешчаны на пагорку над возерам Поцех. У добрае надвор'е яго беласнежны сілуэт выразна бачны з вяршынь многіх пагоркаў Браслаўскага ўзвышша. Касцёл мае дзве пяціярусныя вежы з вострымі шатровымі вярхамі, галоўны фасад і трансепты ўпрыгожваюць вялізныя вокны-ружы, асноўны ўваход аздабляе арачны перспектыўны партал. Акоўка знадворных дзвярэй вырашана ў выглядзе пышных кветкавых кампазіцый. Выкананая мясцовым кавалём, яна з'яўляецца найкаштоўным узорам кавальскага мастацтва. У аздабленні касцёла таксама ўжыты дэкаратыўныя аркбутаны – элемент, які не так часта сустракаецца ў неагатычных помніках. У цэлым дэкор будынка спалучае элементы, характэрныя для гатычнай і раманскай архітэктуры. З боку плошчы да касцёла вядзе шырокая лесвіца з цесанага каменю з брамай. Даволі высокая агароджа выканана з бутавага каменю.
ЛІТАРАТУРА
1. Бут, А. Юбілей у касцёла / А. Бут // Віцебскі рабочы. – 2006. – 14 лістап. – С. 1.
2. Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 141.
3. Касцёл Сэрца Ісуса // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 155.
4. Касцёл Сэрца Ісуса ў вёсцы Слабодка // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 60–64.
5. Панцялейка, А. З гісторыі Слабодкаўскага касцёла / А. Панцялейка // Браслаўская звязда. – 2004. – 9 чэрв. – С. 3.