Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Найсвяцейшай Троіцы і кляштар бернардзінцаў. Браслаўскі раён, в. Друя

Першым культавым мураваным збудаваннем на Браслаўшчыне з'яўляецца комплекс бернардзінскага кляштара ў Друі, які захаваўся да цяперашняга часу з нязначнымі зменамі.

Касцёл пабудаваны ў 1643–1646 гг. па фундацыі падканцлера Вялікага княства Літоўскага Казіміра Сапегі. Каля 1763 года перабудаваны архітэктарам Л. Грынцэвічам і італьянскім дойлідам А. Паракам.

У 1690 (1706) годзе збудаваны жылы корпус кляштара па фундацыі браслаўскага падчашага П. К. Кашаноўскага. У 1832 годзе кляштар скасаваны, а ў 1839 годзе перададзены праваслаўным. Адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1875–1877 гг.

3 1923 года кляштар займалі манахі ордэна марыянаў, з 1926 года ў ім служыў Ф. Абрантовіч (1884–1940).

У 1924 годзе манахі манастыра арганізавалі тут школу (з 1930 – гімназія імя Стафана Баторыя), у якой вучыліся А. Цікота (у 1924–1933 дырэктар), Ч. Сіповіч (рэлігійны дзеяч, заснавальнік бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане), П. Падзява (доктар філасофіі), У. Чарняўскі, пісьменнік Я. Германовіч, мастак В. Жаўняровіч, будучы гісторык В. Ярмаловіч.

У 1934–1938 гг. кляштар аднавіў архітэктар Л. Вітан-Дубейкаўскі. У міжваенны перыяд з-за прабеларускай арыентацыі кляштара польскія ўлады выселілі яго манахаў. У канцы 1939 года кляштар і гімназія закрыты. У 1944 годзе касцёл пашкоджаны прамым пападаннем авіябомбы. 3 1947 года будынак кляштара выкарыстоўвалі розныя навучальныя ўстановы. У 1989 годзе перададзены парафіянам, адрэстаўрыраваны.

Касцёл – помнік архітэктуры барока. Аднавежавая 3-нефавая базіліка з выцягнутай паўцыркульнай апсідай і аднабаковай сакрысціяй. Архітэктура збудавання вырашана ў спрошчаных па-барочнаму масіўных формах. Галоўны фасад мае ступеньчатую кампазіцыю, утвораную шчытом фасада з валютамі над бакавымі нефамі і высокай 5-яруснай вежай у цэнтры, якая ўвенчана фігурным купалам (надбудаваны ў 1772), яе грані прарэзаны маленькімі паўцыркульнымі і круглымі аконнымі праёмамі, раскрапаваны вуглавымі пілястрамі і карнізнымі паясамі. Цэнтральны ўваход – у неглыбокай нішы. Бакавыя сцены нефа і апсіды ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі.

Унутры малітоўная зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Бакавыя сцены цэнтральнага нефа раскрапаваны пілястрамі і шырокай карнізнай цягай, дэкарыраваны філёнгамі, ляпным геаметрычным і раслінным арнаментам, пуцці. Плоскасці арак расчлянёны тонкімі арнаментальнымі кесонамі з ляпнымі разеткамі. Дэкор рэнесансавы – плоскасны, ураўнаважаны, з вельмі тонкай і лёгкай прарысоўкай усіх формаў. Інтэр'ер вырашаны ў 2 колерах: скляпенні пакрыты светлай вохрай, накладныя ордэрныя элементы і філёнгі – белыя. Цэнтральны (1764–1767) і 4 бакавыя (1779) алтары і амбон выкананы ў стылі ракако. Цэнтральны алтар (1764–1767) 2-ярусны, узняты на высокі цокаль; у яго бакавыя часткі ўпісаны вокны апсіды, што ствараюць эфект моцнага святлоценявога контражуру ўагульнай кампазіцыі. Пластыка алтара заснавана на спалучэнні пілястрава-калонных устояў з хвалістым, моцна раскрапаваным карнізам, які фланкіруюць сядзячыя скульптуры анёлаў на вітых валютах; пілястравы шчыт 2-га яруса запоўнены ляпной арнаментальна-скульптурнай кампазіцыяй «Глорыя»; у выразным стылі ракако выкананы ляпныя пілястры і картуш над нішай для алтарнай карціны «Укрыжаванне». Паводле такога ж мастацка-кампазіцыйнага прынцыпу зроблены 2 бакавыя і 2 кулісныя міжнефавыя алтары (1779). На хорах быў ракайльны арган, выкананы ў 1762–1767 гг. Д. А. Каспарыні.

Жылы корпус – 2-павярховы аб'ём, які ўтварае прамавугольны ўнутраны двор, далучаны да паўночнага бакавога фасада касцёла. Ад двара з 3 бакоў праходзіць калідор, перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Прамавугольныя ў плане пакоі маюць цыліндрычныя і плоскія перакрыцці. Вуглавыя пакоі большыя за астатнія і выступаюць за агульны прамавугольны абрыс плана. Пластыка простая: прамавугольныя аконныя праёмы на гладкіх атынкаваных сценах і вузкі завяршальны карніз, які з'яўляецца адзіным ордэрным элементам.

Пры касцёле была пастаўлена мураваная званіца – твор архітэктуры барока (не захавалася). Двух'яруснае 4-граннае збудаванне пад 2-схільным дахам; у завяршэнні франтальнага фасада – пластычны барочны шчыт з бакавымі валютамі і «разарваным» франтонам. Арачная ніша ў тымпане шчыта прызначалася для скульптуры. Праёмы былі вырашаны характэрнымі для стылю фестоннымі аркамі, сцены крапаваны лапаткамі, паўкалонамі, тонка-прафіляванымі карнізнымі паясамі. Перад касцёлам брама з агароджай, пабудаваная ў 1778 годзе ў стылі позняга барока.

Касцёл Найсвяцейшай Троіцы і кляштар бернардзінцаў. Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта https://vedaj.by

ЛІТАРАТУРА

1. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 129–130.

2. Кляштар бернардзінцаў // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 24–28.

3. Кляштар бернардзінцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 146.

4. Сіцька, З. Сапежын / З. Сіцька // Дыялог. – 1999. – № 10. – С. 12–13.