Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Браслаўскі раён, г. Браслаў
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 15:59
Цікавым архітэктурным помнікам XIX ст. на Паазер'і з'яўляецца касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Браславе.
Праз 70 год пасля пабудовы (1824) касцёл быў перабудаваны і сёння ўяўляе сабой помнік неараманскага стылю. Касцёл, які размешчаны на гістарычным месцы Браслава (побач з Замкавай гарой), адыгрывае значную ролю ў фарміраванні грамадскага цэнтра горада. Гэта трохнефавая базіліка з бутавага каменю, чырвонай цэглы, падоўжаны прамавугольны ў плане аб'ём якой накрыты двухсхільным дахам.
Сілуэт галоўнага фасада фарміруюць вуглавыя пінаклі са шпілямі, трох'ярусная вежа з цэглы завершаная шатром і па баках ураўнаважаная дэкаратыўнымі васьміграннымі вежачкамі, а таксама выкананая з буйных вапняковых блокаў лесвіца. Касцёл багата дэкарыраваны элементамі архітэктурнай пластыкі – пінаклямі, падкарнізнай аркатурай, ступеньчатымі контрфорсамі, карнізнымі паясамі. Выдзяляюцца арачныя парталы бакавога і галоўнага ўваходаў, над якім знаходзяцца біфорыум і арачнае акно. Круглыя люкарны і разеткі вымураваны чырвонай цэглай, якая ў спалучэнні з рознакаляровым бутавым каменем утварае цэласную дэкаратыўную кампазіцыю ў цёплай каларыстычнай гаме.
Пішуць, што ў час апошніх рамонтна-рэстаўрацыйных работ у 1895–1897 гг. былі пакінуты старыя паўночная і ўсходняя сцены. Якраз яны і сталі часткай новага гмаху. Муляры не сталі падладжвацца пад старую муроўку, а выкарысталі новую тэхналогію. Таму частка старых муроў выразна вылучаецца на паверхні. Верагодна, так было зроблена, каб зрабіць уражанне, што будуецца не новы касцёл, а толькі пашыраецца стары. У муроўцы сцен выкарыстаны мясцовы прыём браслаўскай мазаікі (спалучэнне колатых бутавых камянёў з канцэнтрычнымі і арнаментальнымі мазаікамі з маленькіх каменьчыкаў, каляровага бітага шкла ці чарапкоў керамічных вырабаў) на вапнавай рошчыне. Такім жа спосабам утвораны ўзоры – сонейка ў розных варыянтах, якіх налічваецца больш за дзясятак.
На алтарнай сцяне касцёла выкладзены вазон з кветкамі. «Гісторыя беларускага мастацтва» сведчыць, што мясцоваму майстру «ўдалося стварыць некалькі арыгінальных кампазіцый, вырашаных у выглядзе мазаічных пано, на якіх выразна бачны малюнкі кветак і звяроў, выкананых у яркай маляўнічай, лубачнай манеры. Валодаючы высокім прафесійным майстэрствам і багатай мастацкай фантазіяй, майстар стварыў чароўныя малюнкі і прадэманстраваў у іх невычэрпныя багацці народнай мастацкай творчасці».
Прыгожа глядзіцца і больш позняя муроўка, выкананая ў іншай тэхніцы: колатыя валуны, у якіх адна грань была плоская, падганяліся адзін да аднаго як мага шчыльней, а прамежкі запаўняліся колатымі каменьчыкамі. Майстры муравалі настолькі якасна, што нідзе на паверхні не выступае рошчына. Па-майстэрску пакладзены камяні, на якіх, калі прыгледзецца, можна ўбачыць сляды кліноў, якімі гэтыя валуны калоліся. Дарэчы, кожны майстар прытрымліваўся сваіх правіл. Адны падбіралі камяні такім чынам, каб іх плоскі бок быў аднакаляровы, другія ж, наадварот, выкладвалі сцяну з камянёў розных колераў і адценняў, ствараючы больш уражлівую каларыстычную гаму.
Інтэр'ер храма неаднойчы перабудоўваўся. Цяпер ён раздзелены на 3 нефы, якія завяршаюцца алтарамі. Зала асветлена высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі, а алтарная частка – вялікім круглым акном-ружай. Стылізаваны пад барока драўляны алтар вырашаны ўзнятым на высокі пастамент чатырохкалонным порцікам з крапаваным антаблементам. Ён багата дэкарыраваны пазалочанай арнаментальнай разьбой па дрэве ў выглядзе аканта, аздоблены калонамі карынфскага ордэра. У цэнтры алтара абраз Маці Божай Браслаўскай, які адкрываецца падчас урачыстых набажэнстваў. Паміж канелюраванымі калонамі – скульптуры апосталаў. Выдатным творам разьбярскага мастацтва з'яўляецца амбон. На хорах устаноўлены арган.
Абраз Маці Божай Браслаўскай, які шануецца ў касцёле, паводле паданняў меў назву «Маці Божая Манастырская». 3 XV ст. на востраве, які знаходзіцца на возеры Неспіш (за 4 кіламетры на паўночны ўсход ад Браслава), існаваў манастыр базыльян, які згарэў у 1832 годзе. У пажары не загінуў толькі абраз Багародзіцы, які пасля перавозу ў Браслаў і атрымаў сённяшнюю назву.
ЛІТАРАТУРА
1. Дай Бог вытрываць / падрыхт. Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2018. – 4 авг. – С. 10.
2. Касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 139.
3. Касцёл Маці Божай у Браславе // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 48–52.
4. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 39–40.
5. Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 17.
6. Пашкевіч, Т. Юбілей храма / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2007. – 5 верас. – С. 3.
7. Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 167–169.