Касцёл Святога Антонія і кляштар дамініканцаў. Браслаўскі раён, в. Друя
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 16:04
Выдатным помнікам архітэктуры быў комплекс Друйскага кляштара дамініканцаў, пабудаваны ў 1765–1773 гг. паводле праекта архітэктара з Генуі Антонія Парака з удзелам архітэктара Людовіка Грынцэвіча. Кляштар складаўся з касцёла, жылога корпуса, званіцы св. Антонія і брамы з агароджай. Касцёл уяўляў сабой двухвежавую трохнефавую базіліку. Галоўны фасад быў багата аздоблены карнізнымі паясамі, пілястрамі, валютамі. Паверхні шчыпца, веж мелі пластычныя выгібы, шырокія праёмы, якія надавалі знешняму выгляду будынка лёгкасць. Інтэр'ер будынка быў упрыгожаны шматлікімі скульптурамі і багатай ляпнінай. Усе будынкі комплекса з'яўляліся помнікамі позняга барока. У 1832 годзе кляштар быў зачынены царскімі ўладамі, у 1839 – перададзены праваслаўнай царкве. Ён паступова прыходзіў у заняпад, а ў 1909 годзе быў узарваны, а цэгла храма выкарыстана для будаўніцтва дамоў у Друі. Званіца св. Антонія і брама знішчаны ў 40-я гады мінулага стагоддзя.
ЛІТАРАТУРА
1. Друйскі дамініканскі кляштар // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 29–32.