Касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Браслаўскі раён, аг. Опса
- Подробности
- Створана 22.10.2018 15:23
- Адноўлена 24.01.2019 16:25
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Опсе знаходзіцца непадалёку ад цэнтральнай плошчы былога мястэчка, на ўзвышшы па-над возерам. Драўляны храм 1768 года згарэў у 1886 годзе. Старажылы расказваюць, што здарылася гэта ў час набажэнства, калі на алтар ахвяравалі кудзелю, якая загарэлася ад полымя свечкі як порах. Разам з будынкам згарэла шмат парафіян.
Мураваны касцёл пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя з чырвонай цэглы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю.
Ён мае адну вежу, якая выступае за плоскасць галоўнага фасада, з шатровым завяршэннем. Галоўны фасад упрыгожаны парталам з вімпергам, невялікім акном-ружай, аркатурай, паяском у выглядзе парэбрыка. Алтарная частка завершана гранёнай апсідай, сіметрычна па баках ад яе размешчаны нізкія сакрысціі. Цвітнар абнесены прыгожай агароджай з цэглы і бутавага каменю. Побач з касцёлам знаходзіцца будынак плябаніі, узведзены адначасова з храмам.
ЛІТАРАТУРА
1. Азевіч, В. Касцёл Іаана Хрысціцеля ў в. Опса / В. Азевіч // Браслаўская звязда. – 2006. – 17 мая. – С. 2.
2. Візітная картка паселішча / падрыхт.: З. Палулех, А. Азевіч // Браслаўская звязда. – 2011. – 30 сак. – С. 2.
3. Касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 153.
4. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 271–272.
5. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Опсе // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1996. – С. 64–66.
6. Касцёл Святога Іаана Хрысціцеля // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 116–117.