Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Браслаўскі раён, в. Дрысвяты

Выдатным помнікам драўлянага дойлідства не толькі Браслаўшчыны, але і Беларусі з'яўляецца Петрапаўлаўскі касцёл у в. Дрысвяты. Ён спраектаваны вядомым беларускім архітэктарам, педагогам, паэтам Л. Вітан-Дубейкаўскім і пабудаваны ў 1929 годзе.

У XVI–XVIII ст. каля крапаснога вала быў пабудаваны невялікі касцёл, прысвечаны святым апосталам Пятру і Паўлу. На сучаснае месца храм перанесены ў пачатку XVIII ст. пасля Паўночнай вайны, а там, дзе стаяў старажытны храм, пастаўлены каменны крыж.

Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю мадэрн. Пры знешняй авангарднай арыгінальнасці захаваў касцёльны кампазіцыйны канон: 1-вежавы прамавугольны ў плане храм з 5-граннай апсідай, прытворам і сакрысціямі. Зрубы накрыты асобнымі пакатымі дахамі – 2-схільным з заломам над асноўным аб'ёмам і вальмавым над апсідай. На галоўным фасадзе вялікі шырокі вальмавы навес падтрымліваецца 4 тонкімі мураванымі калонамі і ўтварае галерэю-падценне. Такія ж падценні зроблены і пры сакрысціях. Вежа-званіца над галоўным фасадам 6-ярусная: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя, над імі – васьмярык, вышэй – маленькі купал на 2 цыліндрычных шыйках. Ярусы вылучаны прафіляванымі карнізамі пад гонтавымі сцёкамі. Дах над апсідай завершаны маленькай фігурнай сігнатуркай, якая ўзбагачае сілуэт і пластыку храма. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны паўцыркульнымі, круглымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

У інтэр'еры 8 драўляных слупоў падтрымліваюць кесонную столь, якая пакрыта алейнай арнаментальнай размалёўкай. Над нартэксам размешчаны хоры. Галоўны алтарны абраз «Пакланенне вешчуноў» набыў уплыў еўрапейскіх стыляў готыкі і рэнесансу (першае дакументальнае сведчанне адносіцца да 1674). Паводле інвентару 1744 года, галоўны алтар касцёла «рознымі колерамі найцудоўнейшым чынам намаляваны» ў 1743 годзе ксяндзом Дусяцкім Рудамінам, меў у 1-м ярусе абраз «Укрыжаванне Збавіцеля», у 2-м – «Святыя Пётр і Павел».

 

Касцёл у імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byКасцёл у імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Браслаўскі раён. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.by

ЛІТАРАТУРА

1. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 59.

2. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн, 2008. – С. 131–132.

3. Набеева, А. Пяць прычын наведаць Дрысвяты / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 27 сак. – С. 5.

4. Петрапаўлаўскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 147.

5. Фэст святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах // Каталіцкі веснік. – 2015. – № 7 (ліп.). – С. 5.