Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Касцёл Іаана Хрысціцеля. Пастаўскі раён, в. Камаі

Касцёл – помнік абарончага дойлідства з элементамі готыкі і рэнесансу. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі Камаі. Пабудаваны ў 1603–1606 гг. з цэглы.

Спачатку меў восевую сіметрычную кампазіцыю. Мяркуючы па рэштках скляпенняў, быў трохнефавы, чатырохстоўпны. У сярэдзіне XVII ст. у час пажару скляпенні абваліліся (не адноўлены). Пазней слупы разабраны, цэнтральны аб'ём перакрыты драўляным люстраным скляпеннем. Крыжовае і зоркавае скляпенні зберагліся толькі ў апсідзе. У 1739 г. перабудаваны мураваныя хоры, у 1778 г. да паўднёвай сцяны касцёла прыбудавана капліца з крыптай.

Касцёл двухвежавы, двухзальны, з вялікай апсідай і сакрысціяй. Асноўная зала і капліца прамавугольныя ў плане, апсіда – паўцыркульная. Дахі асноўнага аб'ёму і капліцы двухсхільныя, над апсідай конусападобныя. Сцены (таўшчыня 2 м) прарэзаны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральны ўваход вырашаны ў выглядзе аркі са спічастым завяршэннем.

Галоўны фасад асноўнага аб'ёму мае трохвугольнае завяршэнне, раскрапаваны ў верхняй частцы паўцыркульнымі плоскімі нішамі і круглымі байніцамі. Яго фланкіруюць цыліндрычныя вежы з круглымі і паўцыркульнымі байніцамі. У сцены галоўнага фасада і вежы ўмураваны гарматныя ядры. Астатнія сцены касцёла дэкарыраваны тонкімі карнізамі, фасады капліцы – пілястрамі. Асноўная зала і капліца злучаны мураванымі лесвіцамі, размешчанымі паміж магутнымі пілонамі. У капліцу ёсць асобны ўваход з вуліцы. Капліца перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках. У канцы апсіды скляпенне зорчатае, над прэсбітэрыем крыжовае, у сакрысціі скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі і крыжовыя. Апсіда адкрываецца ў асноўнае памяшканне арачным праёмам.

Усе скляпенні касцёла аздоблены размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль: у алтарнай частцы зроблена ў час рэстаўрацыі 1726–1736 гг., у капліцы – у сярэдзіне XIX ст. Асноўны матыў размалёўкі скляпення алтарнай часткі – сакавітая акантавая галінка, якая амаль суцэльным дываном аплятае картушы і медальёны з манаграмамі ці сімваламі. На падпружных арках арнаментальныя ленты чаргуюцца з медальёнамі. У капліцы арнамент сіметрычна размешчаны на паверхні перакрыцця. Падпружныя аркі запоўнены фрызавым арнаментам. Плафон асноўнага памяшкання храма размаляваны ў выглядзе рамы, вакол якой гірлянды з пладоў і кветак.

У храме 4 драўляныя разныя алтары. Найбольш цікавы ў дэкаратыўным афармленні цэнтральны двух'ярусны алтар 2-й паловы XVIII ст. Аснову 1-га яруса складаюць 4 калоны карынфскага ордэра, паміж імі ў нішах драўляныя паліхромныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла. У цэнтры – алтарны абраз «Маці Боская з дзіцём» (XVII ст.) у сярэбраным чаканым абкладзе. Крапаваны карніз з «разарваным» франтонам аддзяляе 2-і ярус алтара, утвораны 2 калонамі, што абрамляюць карціну ў пазалочанай раме. Завяршае алтар барэльефная кампазіцыя з выявай Саваофа ў аблоках. Ордэрныя элементы алтара размаляваны пад ружовы мармур, што ў спалучэнні з пазалотай арнаментальнай разьбы і паліхромнай скульптурай стварае інтэнсіўную па каларыце ўрачыстую кампазіцыю.

Арган канца XVIII ст. устаноўлены на хорах, яго афармленне складаецца з разных па дрэве гірляндаў кветак, скульптурных выяў анёлаў і музычных інструментаў. Абапал аргана – арнаментальныя валюты з галоўкамі херувімаў. Філёнгі парапета хораў дэкарыраваны накладной скразной арнаментальнай разьбой.

 

Касцёл Іаана Хрысціцеля ў в. Камаі. Фотаздымак з сайта http://postavy.of.by/

ЛІТАРАТУРА

1. Анішкевіч, А. Такі старажытны і малады / А. Анішкевіч // Пастаўскі край. – 2003. – 29 кастр. – С. 3.

2. Дзядзінкіна, С. Сведка сівой мінуўшчыны / С. Дзядзінкіна // Народнае слова. – 2003. – 25 кастр. – С. 5.

3. Дубіловіч, Г. Дарога да храма / Г. Дубіловіч // Пастаўскi край. – 2006. – 29 ліп. – С. 2.

4. Дубіловіч, Г. Камайскай цвярдыні – 400 год / Г. Дубіловіч // Голас Радзімы. – 2005. – 8 снеж. – С. 11.

5. Камайский костел // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 851–852.

6. Касцёл Іаана Хрысціцеля ў в. Камаі // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 541–542.

7. Касцёл святога Іанна Хрысціцеля // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – С. 75–76.

8. Касцёл святога Яна Хрысціцеля // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 168–169.

9. Комайский костел // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. – 2-е изд. – Минск : Беларусь, 2005. – С. 196–198.

10. Мытько, О. Храм-крепость / О. Мытько // Семь дней. – 2009. – 21 мая. – С. 26.

11. Нафрановіч, А. 400 – гэта шмат / А. Нафрановіч // Вiцебскі рабочы. – 2003. – 1 лістап. – С. 5.